BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Ціхія Адраджэнцы»: Аляксандр Місцюкевіч

Ідэя напісаць пра людзей, якіх я ведаў, альбо якія нейкім чынам, арбітай свайго жыццёвага бегу перасякалі маю ўласную траекторыю, паўстала знянацку, ад сябра.
– Пра іх ніхто не напіша, паспрабуй ты!, – неяк сказаў мне сябра.
Чаму не напіша? Пэўна, што так. Бо яны ня былі асабліва публічнымі, ці красамоўнымі, не вылучаліся вялікімі творчымі дасягненнямі, яны найперш рабілі Беларусь вакол сябе, рупліва снавалі дыван з нітак свайго роднага Краю, дбалі пра ягоную чысціню.
Такіх можна залічыць да «ціхіх адраджэнцаў», якія з’явіліся у канцы 1980-х, пачатку 1990-х мінулага стагоддзя ў асяродках, якія займалі крэслы ў клубе «Паходня», стаялі на мітынгах, уваходзілі ў ініцыятыўныя групы, ці проста, былі энтузіястамі ці фундатарамі беларускай справы. Зрэшты, цяпер кожны, хто застаецца жыць у Беларусі з падобнымі поглядамі ды імпэтам рабіць пад лозунгам «Жыве Беларусь!», а не якім іншым, мусіць быць ціхім, пакрыёмым адраджэнцам, каб не апынуцца ў вязніцы. Спадзяюся, што мне ўдасца адысці ад простага пераказу біяграфій, хоць на пачатак напісання сам ня ведаю, ці здолею сабраць пра іх дастаткова матэрыялу, знайсці іх вытокі і караніскі. Прынамсі, пачну з тых каго добра ведаў.

Аляксандар Місцюкевіч, Іваноў сын (1943-2020). Гэтага чалавека, магутнага целаскладу, я упершыню убачыў мімаходам, на адным з паседжанняў грамадска-культурнага, гістарычнага клуба «Паходня», адной з найбольш любімай гарадзенцамі дыскусійных пляцовак ад часу пэўнай лібералізацыі. Гэта было ў 1991 годзе. Пасля, больш уважліва я прыглядзеўся да яго на адной з канферэнцыяў Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Яго выбралі на пасаду старшыні Гарадзенскай абласной рады арганізацыі, пасля таго, як яе пакінуў прафесар Павал Сцяцко.
Тады ўважалася, што такую паважную, і на пачатку, нават ў нечым наменклатурную арганізацыю, мусіць узначальваць чалавек з гучным імем. У маіх уяўленнях такім мог быць хтось з прафесараў, ці літаратараў. Але, як выявілася, выбар на Аляксандра Місцюкевіча выпаў з-за ягонага парадку, як тэхнічнага чалавека, самаарганізацыі і ў галаве і ў планах арганізацыі.

На пачатку яго кіравання ягоная дзейнасць, як грамадскага дзеяча, была строга рацыянальнай, такой і засталася, нават, калі ён пайшоў з кіраўніцтва. Усё адно да канца свайго жыцця быў адданым беларускім патрыётам, дапамагаў, дзе мог. Адзінае, гэта цяжкавыканальная задача, праца з медыямі, каб данесці праз іх людзям сутнасць моўных праблемаў, якіх толькі большала, асабліва пасля тарпедавання нацыянальнай палітыкі, рабілі іншыя, і не зусім удала. Бо лукашэнкаўская палітыка у кірунку расейскай рэстаўрацыі ў Беларусі, спарадзіла новы від чыноўніка. Пра які мне расказаў, пасля адной з сустрэчаў у аблвыканкаме менавіта Аляксандар Місцюкевіч.
Ведаеш, зусім безхрыбетныя зараз чыноўнікі, якія размеркаваны па галінах народнай гаспадаркі. Калі зайшла размова, чаму, маўляў, у вашай ўстанове няма вонкавага афармлення на дзяржаўнай беларускай мове, мне адказаў той пасадовец: «калі скажуць начальнікі звыш, то ніякіх праблемаў, хоць заўтра перапішам шыльды, надпісы, блянкі, справаводства па-беларуску. Мы «ветроуклонные»! – з іскрынкай у вачох з горкім жартам пераказаў гэтую сустрэчу мне спадар Аляксандар.
Таварыства Беларускай Мовы было валанцёрскай арганізацыяй, і таму, ён, як чалавек не завадатарскага характару, ня мог змусіць кагосьці з сяброў выконваць пэўныя даручэнні, таму шмат за што даводзілася рабіць самому, альбо зацугляўшыся ў двойцы, з такімі ж, як ён беларусамі-«тэхнарамі», якія ўмелі арганізаваць адказную працу і цягнулі яе.

Землякі Аляксандр Місцюкевіч і Аляксандр Талерчык

Разам з Аляксандрам Талерчыкам цягам колькіх гадоў, яны вялі актыўны дыялог з уладамі, наконт вонкавага афармлення на роднай беларускай мове, гарадзенскіх аб’ектаў ды устаноў. Варта прыгадаць гісторыю са зніклай ходнікавай пліткай, якой безліч было у цэнтры Гародні, некаторыя часткі якой мелі ўзрост ад паўтара стагоддзя, і таямнічым чынам зніклі, то расследаванне гэтае трывала дзясяткі год, што не давала спакою ўладам. На жаль, гэтая тэма, хвалявала толькі пару-тройку гарадзенцаў. Таму чыноўнікі што хацелі, тое і рабілі. Ды раздражнёна рэагавалі на законныя патрабаванні Аляксандра Іванавіча з сябрамі, якія прад’яўлялі зыск: дзе, маўляў, плітка? Нарэшце справа занікла. Бясконцае ліставанне і паходы да чыноўнікаў паказалі, што яны гатовыя пісаць адпіскі да канца свету. А старая плітка, што выраблялася ў Гародні цягам усяго дваццатага стагоддзя, і нават раней, амаль уся вывезеная іх стараннямі, у «невядомым» кірунку, а частку паклалі ўсё ж на ганку Новага каралеўскага Замку, як ілюстрацыю мінуўшчыны.

Аляксандар Місцюкевіч быў краязнаўцам, напісаў кнігу, краязнаўчы нарыс «Падарожжы па родных мясьцінах», дзе даў звесткі пра уласны радавод і падаў уласную біяграфію. Паводле веравызнання вярнуўся да веры сваіх бацькоў – Уніяцтва. Асноўным яго працоўным заняткам была электраэнэргетыка.

Зінаіда Місцюкевіч і Аляксандр Місцюкевіч (у цэнтры) на беларускай дыктоўцы

З выгляду ён, як зацеміў раней, быў моцным чалавекам, высокім. Сапраўдны волат. Але час, які звёў мяне з ім паказаў, як шмат перажываў ён унутры сябе. Перанёс інфаркт і некалькі інсультаў. Але не адмовіўся ад грамадскіх справаў, хоць блізкія і сваякі імкнуліся разгрузіць ад дадатковага стрэсу і напружання эмацыйных сілаў.
Ковід у канцы 2020 году супыніў бег ягонага жыцця. На пахаванні на могілках «Сакрэт» было мала людзей, бо пошасць тады шугала па ўсёй Гародні.

Ясь Зачынскі, Беларускае Радыё Рацыя