Чыноўнікі Гомельскага гарвыканкама аплацілі падарункі для сваіх калег на 8 сакавіка з гарадскога бюджэту.
1500 рублёў з гарадскога бюджэту было вылучана на падарункавыя сертыфікаты для супрацоўніц-жанчын. Звесткі пра гэта журналісты «Флагштока» выявілі ў тэрміновым тэндары. На гэтую суму планавалася да 4 сакавіка купіць 50 сертыфікатаў для «аказання паслугі ў фіта-парыльні». Кожны падарункавы сертыфікат павінен каштаваць 30 рублёў. Умова тэндару: парыльня абавязкова павінная размяшчацца ў Цэнтральным раёне Гомеля. Як заўважылі журналісты, пошук паказвае толькі адну такую ўстанову ў Гомелі. Гэта СПА-салон непадалёка ад гарвыканкама. У салоне прапануюць набор сертыфікатаў на розную суму. Найбольш блізкі да заяўкі гарвыканкама сертыфікат каштуе 31 рубель. У яго ўваходзяць паўтарагадзінны сеанс «усё ўключана» ў фіта-парыльні «кедравая бочка» з двума заходамі і адпачынак з травяной гарбатай.
Беларускае Радыё Рацыя