У СІЗА Беларусі памёр грамадзянін Літвы, які быў затрыманы ў снежні 2023 года.
МЗС Літвы ўручыў ноту пратэсту часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Літве. МЗС зазначае, што консульскія работнікі Літвы не былі належным чынам праінфармаваны аб затрыманні грамадзяніна Літвы і аб яго стане здароўя, ім не была дадзена магчымасць наведаць затрыманага і даць яму неабходную консульскую дапамогу. Літоўскі бок заяўляе пра парушэнне Венскай канвенцыі, а таксама адзначае, што апошнім часам актывізаваліся варожыя і правакацыйныя дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да грамадзян Літвы, якія пражываюць ці часова прыбылі ў Беларусь.
Беларуская мытня паведамляла аб затрыманні грамадзяніна Літвы ў пункце пропуску “Беняконі” 31 снежня. Паведамлялася, што ў аўтамабілі літоўца знайшлі 98 патронаў калібру 9 мм. Была пачатая крымінальная справа аб незаконным перамяшчэнні боезапасаў праз мяжу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Мытны камітэт. Машына, у якой ехаў літовец