BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кацярына Ваданосава: Калі-небудзь мы ўсё ж такі дасягнём свабоды, волі, незалежнасці

25 сакавіка беларусы будуць адзначаць Дзень Волі. Менавіта ў гэты дзень у 1918 годзе была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, дзе адзначалася, што Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай. Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды Дня Волі адбудуцца і ў Беластоку. Напрыклад, 24 сакавіка адбудзецца мітынг-канцэрт з удзелам Кацярыны Ваданосавай. А зараз Кацярына Ваданосава паразважае наконт таго, што для яе Дзень Волі, у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Набліжаецца Дзень Волі і вы яго праводзіце ў Беластоку, будзеце нават выступаць на канцэрце. Вось што для вас Дзень Волі?

Кацярына Ваданосава: Для мяне гэта ўрачыстасць, спосаб паказаць тое, што мы памятаем нашую гісторыю, што мы яе ведаем, што мы адчуваем гэтую пераемнасць пакаленняў, таму што калі засноўвалася Беларуская Народная Рэспубліка, яна таксама паўставала ў неспрыяльных і вельмі цяжкіх умовах. І зараз, калі мы часам кажам наколькі нам цяжка, наколькі нам невыносна, можа быць, нам варта памятаць, што цяжка бывае заўсёды. І гэта не повад пазбаўляць сябе надзеі і спадзеву на тое, што калі-небудзь, мы ўсё ж такі дасягнём свабоды, волі, незалежнасці, што мы зможам жыць на сваёй зямлі як гаспадары нарэшце. І вось за гэта я і выходжу, акурат да гэтага я і імкнуся.

РР: Калі згадаць ваш самы першы Дзень Волі, калі гэта было, як адбылося?

Кацярына Ваданосава: Я не памятаю свой першы Дзень Волі. Магчыма, гэта была нейкая плошча Бангалор. Хутчэй за ўсё гэта было пасля 2006 года, таму што маё грамадскае абуджэнне здарылася на плошчы 2006 года. Самы, напэўна, такі запамінальны і самы цікавы ў двукоссі быў два гады таму, калі я вяла свята ў Варшаве. Я толькі прыехала ў Польшчу, мы толькі-толькі пераехалі з Украіны, перабраліся праз мяжу, я яшчэ тады не ведала, што ў мяне ўжо рак. Памятаю, што я страшэнна стамілася, і калі вярталася назад у Беласток, то муж мяне ледьзве не на руках выносіў з цягніка.  Таму што я мала таго, што адвяла ўсю ўрачыстасць, я потым вяла яшчэ і марш. І гэта каштавала мне такога вялікага кавалку, а з аднаго боку гэта было неверагодна ўзнёсла, я потым два дні хадзіла сама не свая. Ты адчуваеш гэтую энергію, гэтую надзею, веру, адчуванне ўрачыстасці і важнасці моманту ад тысяч людзей. Ты гэта ўсё перахопліваеш, але і аддаеш столькі ж, а, можа быць, нават болей. І гэта з аднаго боку велізарная радасць, гонар, шчасце, а з другога боку гэта было вельмі цяжка фізічна.

РР: Чаму гэты Дзень Волі ў Варшаве самы запамінальны?

Кацярына Ваданосава: Я пабачыла, толькі-толькі перабраўшыся праз мяжу, колькі нас! Нават тут, нават у эміграцыі, нават пазбаўленыя ўсяго. Па-сутнасці, гэта ж першы месяц вайны, роспач, горыч, неразуменне таго, што адбываецца, поўная разгубленасць. І ў час гэтай разгубленасці, гэтай чорнай, страшнай часіны неверагодная безліч людзей знайшла ў сабе сілы выйсці і прайсці маршам праз увесь горад. І прайсці пад расейскую амбасаду і чытаць там вершы, і спяваць там песні, і скандаваць там лозунгі. Гэта вельмі натхняльна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя