BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыя Грыц: Хочам пашыраць беларускую мову на Падляшшы і ў свеце

У Беластоку адкрыўся трэці сезон заняткаў “Мова Нанова”. Гэтыя бясплатныя курсы беларускай мовы былі досыць папулярныя ў Беларусі да пачатку палітычнага крызісу. А таму ў выгнанні з’яўляюцца сродкам настальгіі па Радзіме і повадам сабрацца разам для ўсіх, хто хоча лепей ведаць родную мову, гісторыю і культуру.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з вядоўцай заняткаў “Мова Нанова” Марыяй Грыц пра «ўнутраную кухню» курсаў і планы па іх развіцці на тэрыторыі Падляшша:

РР: Адкрываецца ўжо трэці выпуск “Мовы Нанова”, так?

Марыя Грыц: Так. Мы доўга чакалі, калі сабярэцца нарэшце наша каманда. Наш перапынак трохі зацягнуўся, але ў нас вялікія планы на гэты сезон, будзе шмат новага, нечаканага. Мы яшчэ супрацоўнічаем з іншымі супольнасцямі, якія таксама праводзяць “Мову Нанова” ў розных гарадах і ў розных краінах, і таксама з людзьмі, якія робяць аплікацыю “Мова Нанова”. Таксама вельмі цікава, можна не толькі прыходзіць і вучыць, а анлайн разабрацца з рознымі моўнымі штукамі.

РР: Наколькі змяніўся змест “Мовы Нанова”. Напэўна, пачыналі з адным матэрыялам, а зараз заканчваеце зусім з іншым? Ці ўсё адно і тое ж, бо  і так цяжка засвоіць?

Марыя Грыц: Я спадзяюся, што няцяжка засвоіць. Мы робім матэрыял, ён памяняўся. Натуральна, мы кожны раз намагаемся прыдумаць штосьці новае, каб для людзей, якія з намі здаўна, таксама было штосьці цікавае, новае. Вось у нас зараз такі вясновы занятак, будзем гукаць вясну і разбірацца ў птушках. А гэта будзе цікавая гісторыя, не толькі слоўнік, будуць загадкі, будуць прымаўкі, будзе праца ў парах, у групах. Каб гэта не была проста лекцыя, што людзі прыйшлі, пасядзелі, там штосьці запомнілі, не запомнілі, але каб была і такая практычная частка, каб людзі менавіта прыходзілі на моўныя курсы размаўляць.

РР: Наколькі проста зараз праводзіць “Мову Нанова”, хто фінансуе, хто дае базу? Ці гэта ёсць вось такі аматарскі імпэт – і пайшло?

Марыя Грыц: Гэта менавіта аматарскі імпэт, таму натуральна было складана зноў сабрацца, бо імпэт бывае сканчаецца ў людзей, але такую справу нельга кідаць, бо калі мы кінем, то хто ж тады будзе.

РР: Ці прыходзяць да вас на заняткі не толькі беларусы-мігранты, але і мясцовыя беларусы, этнічная меншасць Падляшша? Ці бываюць такія выпалкі?

Марыя Грыц: Я дакладна не ведаю, хто да нас прыходзіць, але пакуль я не заўважала этнічнай меншасці. Буду вельмі шчаслівай, калі такія людзі будуць прыходзіць, бо я ведаю, што шмат ёсць людзей, якія нарадзіліся тут і атаясамліваюць сябе беларусамі і беларускамі, але іх асноўная мова базавая – польская, і ў іх ёсць такія пытанні.

Я ведаю, што ёсць ідэя ладзіць моўныя курсы для людзей, якія не ведаюць беларускую мову, але ў нас не столькі для пачаткоўцаў, колькі для людзей, якія трохі ведаюць мову ці хаця б ведаюць расейскую, там крыху больш бліжэй да беларускай мовы, усё ж такі разабрацца прасцей. Але калі хтосьці прыйдзе і не будзе ведаць беларускай мовы, мы проста падладзімся пад іх і будзем рабіць адпаведныя курсы.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя