BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На рэках Беларусі працягваецца рост роўня вады

У найбліжэйшыя дні на рэках Беларусі будзе пераважаць рост роўня вады. Пра гэта паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

«Рост узроўняў вады назіраецца ў басейнах Дзвіны і Дняпра з інтэнсіўнасцю да 70 см за суткі, у басейнах Віліі, Бярэзіны і Сожа з інтэнсіўнасцю да 25 см за суткі. У басейнах Нёмана і Прыпяці адзначаюцца невялікія ваганні ўзроўняў вады. На Прыпяці ў Петрыкава ўзровень вады на 17 см перавышае небяспечную высокую адзнаку, тут адзначаецца спад узроўню вады з інтэнсіўнасцю 1 см за суткі», — распавялі ў Белгідрамеце.

Паводле звестак МНС, адзначаюцца затапленні прыбярэжных тэрыторый у шэрагу раёнаў Гомельскай вобласці і ў Лунінецкім раёне Берасцейскай вобласці. Тэмпература вады ў рэках панізілася і складае ад плюс 2,3 да плюс 11 градусаў, а ў вадаёмах — ад плюс 5,9 да плюс 10 градусаў.

У найбліжэйшыя дні, паводле інфармацыі гідролагаў, на рэках Беларусі будзе пераважаць рост узроўняў вады. На асобных участках рэк басейнаў Нёмана, Дняпра, Бярэзіны і Сожа вада выйдзе на пойму. На прытоку Сожа рацэ Проня ля вёскі Ляцягі ўзровень вады наблізіцца да небяспечнай высокай адзнакі.