BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Помста ўладаў Беларусі

Улады Беларусі напярэдадні велікодных свят зрабілі яшчэ адзін падарунак. А дакладней, не падарунак, а дробную гадасць. Узялі і не распачалі будаўнічыя працы ў Чырвоным Касцёле, хоць і абяцалі.

Сапраўды, а навошта, калі маюцца больш важныя справы: пасяўная, правядзенне ўсебеларускага народнага сходу, абарона заходняй мяжы ад ворагаў. Вось як тут у гэтыя мерапрыемствы яшчэ рамонт Чырвонага Касцёла ўсунуць?! Тым болей, трэба ж паказаць, хто ў доме гаспадар. Летась у касцёле забаранілі праводзіць велікодныя службы на прылеглай тэрыторыі касцёла. Маўляў, гэта будзе масавае мерапрыемства. Сёлета не распачалі аднаўленчыя працы. Ужо без тлумачэнняў прычын. Нагадаю, менскія ўлады пазбавілі вернікаў Чырвонага касцёла яшчэ ў кастрычніку 2022 года. Чыноўнікі, праўда, сцвярджалі, што прычына ў рамонце, які неабходна правесці ў памяшканні пасля пажару. Як паведамлялі восенню ў КУП «Мінская спадчына», будынак выведзены з эксплуатацыі на перыяд аднаўленчых прац. І вось гэтыя аднаўленчыя працы ўсё ніяк і не могуць распачаць. Ды, відаць, і не вельмі хочуць. Калі б была магчымасць, яны б будынак увогуле арыштавалі і на Валадарку пасадзілі. Толькі, як казаў герой савецкай кінастужкі, хто ж яго пасадзіць, ён жа помнік.

Беларускае Радыё Рацыя