BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра вынаходніцтва ровару

Калі б цяпер была сярэдзіна 20 стагоддзя, то беларускія ўлады маглі б пахваліцца поспехамі ў навуцы. Праўда, цяпер ужо ажно 24 год 21 стагоддзя. Але калі б была сярэдзіна 20-га стагоддзя, то мы б абавязкова былі б наперадзе планеты ўсёй. А што, касманаўтку запусцілі ў космас. Што яна па-за Зямлёй рабіла, акрамя таго, як дэгуставала на камеру беларускі кефір, мала хто зразумеў. Чалавек лятае ў космас ужо 63 гады. Але гэта не важна, галоўнае адсправаздачыцца ў поспехах, хай сабе і запозненых у часе.

І вось цяпер яшчэ плануюць стварыць сваю аперацыйную сістэму. Першая аперацыйная сістэма з’явілася яшчэ да палёту чалавека ў Космас. У 1955 годзе Роберт Патрык з General Motors і Оўэн Мок з North American Aviation стварылі першую аперацыйную сістэму на базе сістэмнага манітора для IBM 701. Асноўнай мэтай GM-НАА было аўтаматычнае выкананне новай праграмы, калі заканчвалася старая. У 1984 годзе з’яўляецца сістэма Mac OS, распрацаваная для лінейкі персанальных камп’ютараў Macintosh. А ў 1985 годзе з’яўляецца першая версія знаёмай нам усім сістэмы Windows. І потым панеслася: у 1991 – Linux, у 2007 годзе IOS для iPhone і iPod Touch, у 2008 – Android OS для смартфонаў і многія іншыя. І тут раптам улады Беларусі, якія, падкрэслю, у 2020 годзе адключалі інтэрнэт для ўсёй краіны і якія пасля 2020 года проста зніштожылі праграмісцкую галіну ў краіне, вырашаюць ствараць сваю ўласную аперацыйную сістэму. Засталося знайсці яшчэ каго з нерэпрэсаваных праграмістаў, якія пагодзяцца на гэтую авантуру. Хаця можна як заўжды, проста наклеіць наклейку на ўжо існую і сказаць, што аператыўная сістэма – свая. А ўвогуле яшчэ троху і ўлады Беларусі дойдуць да вынаходніцтва новага беларускага ровару на квадратных колах, каб быць наперадзе планеты ўсёй. Хаця б у сваіх уяўленнях.

Беларускае Радыё Рацыя