BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Рэпрэсіі ў сістэме адукацыі працягваюцца

Палітычна матываваныя звальненні працягваюцца ў беларускіх ВНУ, паведамляе nashaniva.com.

Пра хвалю чыстак у БДУ казала і былая выкладчыца кафедры міжнародных адносін, кандыдат гістарычных навук, палітолаг Роза Турарбекава. Яна звязвала гэта з парламенцкімі выбарамі, бо падобныя працэсы назіраліся перад канстытуцыйным рэферэндумам 2022 года.

З яе слоў, свежыя спісы ва ўніверсітэт прыйшлі напрыканцы мінулага года. У іх кандыдаты на звальненне і паніжэнне. Некаторых чакае толькі выклік на прафілактычныя гутаркі. Па словах Турарбекавай, як правіла, гэтыя працэсы курыруе афіцэр КДБ, ён жа прарэктар па бяспецы.

Палітолаг мяркуе, што гэта не апошняя хваля рэпрэсій нават з улікам таго, што самых актыўных даўно звольнілі. Яна лічыць, што да прэзідэнцкіх выбараў 2025 года «будзе праведзена самая, напэўна, вялікая кампанія паводле таго ж сцэнарыя».

Паводле інфармацыі Турарбекавай, да восені 2023 года толькі з БДУ было звольнена каля 100 дацэнтаў і прафесараў. 

Як расказвалі «Нашай Ніве», толькі на гістфаку БДУ напрыканцы мінула года звольнілі двух выкладчыкаў. 

Звальненні адбываюцца не толькі ў сталічных ВНУ. У апошнія дні 2023 года з ГрДУ ім. Янкі Купалы звольнілі Святлану Марозаву, доктарку гістарычных навук і прафесарку кафедры гісторыі Беларусі.