BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Судаленка: Вырашыў не маўчаць і расказваць, у якіх умовах знаходзяцца палітвязні ў турмах

Супраць вядомага гомельскага праваабаронцы, былога палітвязня Леаніда Судаленкі распачата новая крымінальная справа. Сам праваабаронца цяпер знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі і працягвае актыўную дзейнасць.

РР: Найперш хацелася б пагаварыць пра новую крыміналную справу, якую супраць Вас распачалі ў Беларусі. Гэта будзе так званая спецыяльная вытворчасць, пад якой мы разумеем у пазнейшым завочны судовы працэс. Як Вы ўспрынялі гэтую інфармацыю і што ведаеце наконт гэтай новай крымінальнай справы?

Леанід Судаленка: Недзе праз тры месяцы пасьля майго вызвалення супраць мяне ўзбудзілі новую крымінальную справу ў Гомелі, Гомельскі раённы СК па месцы маёй рэгістрацыі. Я ў вёсцы ў Гомельскім раёне зарэгістраваны, там у мяне зямля, дом. Я там кожныя выходныя праводзіў. Яны зямлю гэтую арыштавалі. Вобшукі правялі ў вёсцы і ў гарадской кватэры. Аб’явілі мяне ў вышук. Недзе ў тым месяцы я даведаўся, што я нават у расейскіх базах у вышуку, то бок, можна лічыць, што ва ўсіх краінах СНД я ўжо ў вышуку. Мае асабістыя дадзеныя адразу былі занесеныя ў рэспубліканскі спісак экстрэмістаў.

Калі я выйшаў з турмы, я прыняў такое прынцыповае рашэнне не маўчаць, расказваць, каб як мага шырэй расходзілася інфармацыя пра тое, у якіх умовах знаходзяцца беларускія палітычныя вязні ў турмах. Асабліва, калі іх кідаюць без прычыны ў ШІЗА. Там сапраўдныя катаванні над людзьмі адбываюцца. Я там прабыў 10 дзён, і то еле-еле вытрымаў, не ведаю, як там месяцамі і нават гадамі людзі знаходзяцца фактычна адарваныя ад рэальнага свету ў рэжыме incommunicado – без сувязі са знешнім светам. Увогуле жахліва, там можа проста дах паехаць! Акрамя таго, там катуюць холадам. Я сам праз гэта прайшоў, тым больш, што я там быў летам, я калаціўся ноччу, таму што цёплую бялізну забіраюць, і не даюць ні матраца, ні коўдры, ні падушкі – проста спіш на падлозе, як сабака. І пра гэта я вырашыў расказваць, не маўчаць. І, канешне, тая крымінальная справа, якую яны ўзбудзілі і па першай частцы, і па другой арт.361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) да 7 гадоў максімальнае зараз пакаранне. Я лічу, што яны мне 7 гадоў і выпішуць. І калі ўлічваць тыя 3 гады, што я адсядзеў, якраз 10 гадоў атрымаецца – тое, што даюць праваабаронцам. І мой калега і паплечнік, і сябар Алесь Бяляцкі на 10 гадоў асуджаны. І дай Бог нам яго дачакацца.

Леанід Судаленка выйшаў на волю 21 ліпеня мінулага года, адбыўшы трохгадовы тэрмін зняволення па палітычнай крымінальнай справе. Хутка пасля вызвалення праваабаронца быў вымушаны выехаць з Беларусі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя