BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вольга Павук: Будзе вялікім поспехам увогуле сабраць трэці набор КР

Месяц на агітацыю і 3 дні на галасаванне. Каардынацыйная рада апублікавала так званы таймінг выбарчай кампаніі. Паведамляецца, што выбарчая камісія зараз знаходзіцца ў працэсе фармавання. Выбары ды кадравыя перастаноўкі, чым яны выкліканы. З намі намесніца спікера Каардынацыйнай рады Вольга Павук. Ёй гэтыя пытанні скіруе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Што ў вас там адбываецца? Ці віншаваць вас з тым, што вы сталі намесніцай спікера Каардынацыйнай рады. Памятаю Яна Рудзіка намеснікам, але там быў нейкі скандал, што ён быццам аб’явіў сябе намеснікам, бо ў яго было больш балаў, калі галасавалі за спікера Каардынацыйнай рады. Патлумачце нам вось гэты працэс, бо мы быццам знаходзімся на стадыі таго, што ў канцы траўня маюць адбывацца выбары ў трэці склад Каардынацыйнай рады, а ў КР адбываюцца дыскусіі, змена кіраўніцтва. Праходзілі вось гэтыя выбары спікера, на якіх кандыдатам быў Андрэй Ягораў, зноў жа Каардынацыйная рада прагаласавала за Ягорава, але вы вось сталі намесніцай спікера КР. А Ян Рудзік у ступіў у Полк Каліноўскага. Вядомая справа – альбо ты ў Палку Каліноўскага, альбо ты займаешся справамі Каардынацыйнай рады. Ці вы тут расставіце “кропкі над і”, бо я як журналіст заблытаўся ва ўсім гэтым?

Вольга Павук: Сапраўды яшчэ да таго, як мяне абралі на пасаду віцэ-спікеркі, самае частае пытанне, якое я атрымлівала ад беларусаў, і ад журналістаў, і ад палітыкаў, і проста ад маіх сяброў-грамадзян – што вы там робіце? Ніхто не разумее, што адбываецца. Сапраўды, калі адбываецца нейкі скандал ці нешта выходзіць у СМІ, то тады гэта адзначаюць людзі. Але гэта і праблема, што нейкія спакойныя працэсы, тое, што добра ўдалося, дзе прасунуліся і зрабілі ўжо нейкую базу, то вось такія гісторыі ў СМІ не трапляюць, там людзі не надта разумеюць, а вось калі нейкі скандал, то гэта заўсёды больш людзі любяць.

Што магу сказаць, я яшчэ рэфлексую на гэтую тэму, чацвёрты дзень, як я на гэтую пасаду ўзышла. Трэба разумець, што ўсё ж такі спікер, віцэ-спікер займаліся такой кансалідаванай працай у больш вузкім крузе, больш узаемадзейнічалі з Офісам, з Кабінетам. І там былі такія працэсы, у якіх я раней не ўдзельнічала. І магу сказаць, што на сёння я яшчэ не паспела пабыць у больш вузкіх колах, таму вось нейкай інсайдарскай інфармацыі сказаць за шмат не змагу. Гэта будзе пазней.

Непасрэдна, калі я знаходзілася на канферэнцыі, у мяне была таксама такая рэфлексія, што вось сядзіць шмат вельмі разумных людзей, на канферэнцыі сядзяць шмат палітыкаў. Яны сапраўды могуць выносіць рашэнні, яны сапраўды вельмі разумныя. Вось такая ёсць праблема ў выглядзе Расеі, ці ў выглядзе дыктатуры. І вось увесь свет кансалідаваны, няхай некаторымі прадстаўнікамі на канферэнцыі, яны сапраўды не ведаюць, што рабіць. Здаецца, усё зразумела, нейкія заходы робяцца, але гэта недастаткова, гэта не працуе.

І вось я таксама думала пра Каардынацыйную раду, вельмі вялікія чаканні я назіраю ўвогуле ў беларусаў, што калі нешта мы зрабілі, то яно адразу павінна працаваць вельмі добра і ніякага шанцу на памылку няма. За ўсё трэба адсправаздачыцца, каб усе былі задаволеныя.

Трэба зразумець, што ўпершыню займаемся такімі справамі. Увогуле ў Беларусі не было нават гістарычнага перыяду, дзе мы маглі б паспрабаваць вось гэтае ўзаемадзеянне. Я асабіста разглядаю Каардынацыйную раду як вельмі добрую з’яву, таму што сапраўды туды ўвайшлі вельмі цікавыя, дасведчаныя людзі – акадэмікі, медыйныя персоны, актывісты. І яны ўсе разам нешта намагаюцца зрабіць. Там ёсць і спрэчкі, хтосьці выходзіць грукаючы дзвярыма, і гэта ўсё нармальныя працэсы. Нам трэба зразумець, што нам прыйдзецца навучыцца гэта ўсё рабіць.

Чаму адбываюцца гэтыя пературбацыі, хоць засталося не так шмат часу ўжо да сканчэння гэтага тэрміну. Я нагадаю, што тэрмін увогуле павінен быў скончыцца яшчэ 8 лютага, але так адбылося, што не змаглі дамовіцца паміж усімі ўдзельнікамі, таму што Каардынацыйная рада ўвогуле не прымала самастойных рашэнняў, таксама ўсё ўзгаднялася з Офісам і Кабінетам, і гэта зацягнула працэс. Таму мы ўсё ж такі вырашылі не кідаць гэтую працу і працягнуць тэрмін і правесці ўсё ж такі выбары для таго, каб склад зноў зрабіўся. Я думаю, што будзе вялікім поспехам увогуле сабраць гэты самы трэці набор Каардынацыйнай рады і каб праца працягвалася, хоць як.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Выбарчы працэс у каардынацыйную Раду сёння выглядае дастаткова складаным. Паводле апошніх інфармацый, галасаванне працягнецца тры дні, з 25 па 28 траўня, а вось ужо 29 будзем ведаць яго вынікі.

Беларускае Радыё Рацыя