Сусветная арганізацыя аховы здароўя папярэдзіла, што летась захворванне на адзёр у Еўрапейскім рэгіёне вырасла ў 30 разоў. Негатыўная тэндэнцыя ў тым ліку і ў Беларусі. У краіне абсалютны антырэкорд за апошняе дзесяцігоддзе. З лістапада зарэгістравана каля 250 выпадкаў. Медыкі выявілі, што ўсё пачалося з-за завоза інфекцыі з Расеі.
Хвароба цяжка пераносіцца і можа пакінуць не менш цяжкія наступствы, гаворыць лекарка-эпідэміёлаг:
-Адзёр можа атыпічна працякаць у сталых людзей. Калі ў дзяцей часцей мы разумеем, што сімптаматыка адзёру – гэта катаральныя з’явы, кашаль і праз некалькі дзён далучаецца сып. То ў дарослых хвароба працякае па-рознаму. Яны вельмі кепска сябе адчуваюць і вельмі цяжка пераносяць, ажно да адзёрнай пнеўманіі і адзёрнага сэпсісу. Вельмі цяжкія могуць быць ускладненні.
Напачатку сакавіка санітарна-эпідэміялагічная служба агучыла спіс краін, куды актыўна наведваюцца грамадзяне і дзе вельмі неспрыяльная сітуацыя з адзёрам – гэта Расея, Казахстан, Азербайджан і Арменія.
Беларускае Радыё Рацыя