BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

115 гадоў таму нарадзіўся паэт Валеры Маракоў

Нарадзіўся 27 (14) сакавіка 1909 ў мястэчку Козырава Менскага павету (цяпер у межах Менску).

У 1924 годзе Валеры скончыў 4-ю Менскую ўзорную сямігодку і да канца 1925 году працаваў муляром разам з бацькам. У снежні 1925 году быў прызначаны сакратаром рэдакцыі часопісу «Піянэр Беларусі». У канцы 1926 году пэўны час (па запрашэнні Алеся Звонака) жыў у Полацку, друкаваўся ў газэце «Чырвоная Полаччына». У 1926 годзе быў прыняты ў літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк», належаў да «другога прызыву» маладнякоўцаў. У гэты ж час быў абраны чальцом рэдкалегіі часопісу «Маладосьць».

У канцы 1927 году па накіраваньні «Маладняка» паступіў у МБПТ, але пасля двух курсаў быў адкліканы з вучобы і прызначаны загадчыкам літаратурнага аддзелу газеты «Савецкая Беларусь», дзе працаваў з перапынкам да канца 1930 году. Да канца 1927 году Маракоў працягваў працаваць сакратаром рэдакцыі часопісу «Піянэр Беларусі». У красавіку 1931 году паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне МВПІ (скончыў у чэрвені 1934 году). З 1930 па 1934 год Маракоў працаваў спачатку сакратаром, а потым намеснікам рэдактара часопісу «Чырвоная Беларусь». З 1934 году перайшоў у газету «Літаратура і мастацтва», дзе працаваў да студзеня 1935 году.

21 сакавіка 1935 году быў арыштаваны органамі бяспекі. 7 ліпеня справа Маракова была спынена, і пасля 3 месяцаў знаходжання ва ўнутранай турме НКВД паэт быў вызвалены. Паўторна Маракоў быў арыштаваны 6 лістапада 1936 году. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Валерыя Маракова прадугледжвалася «спальваць». Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28 кастрычніка 1937 году, як «чалец контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да найвышэйшай меры пакарання. Быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 разам з 22 іншымі беларускімі літаратарамі.

Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23 красавіка 1957 году.

Дэбютаваў вершам «Раніца», («Звязда» 1925 г). У 1926 г. выйшаў зборнік вершаў «Пялёсткі», у 1927 г. – зборнік «На залатым пакосе», «Вяршыні жаданьняў» (1930), «Права на зброю» (1933).

У 1959 годзе, выйшла яго кніга «Лірыка» (з пасляслоўем С. Баркоўскага). У 1989 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» быў надрукаваны зборнік выбраных вершаў Маракова «Вяршыні жаданняў: Вершы, паэмы».