BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

210 гадоў з дня нараджэння Яўстаха Тышкевіча

Беларускі гісторык, краязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі Яўстах Тышкевіч нарадзіўся 18 красавіка 1814 года ў Лагойску. Быў сябрам Дацкага каралеўскага таварыства аматараў старажытнасцяў, сябрам і карэспандэнтам Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва, гісторыі і старажытнасцяў, Лонданскага археалагічнага інстытута ды іншых устаноў. Належаў да каталіцкага шляхецкага рода Тышкевічаў гербу «Ляліва», прадстаўнікі якога ў 16-18 стст. залічаліся да праслойкі магнатаў Рэчы Паспалітай. Паходзіў з сям’і буйнага землеўласніка Барысаўскага павета графа Пія Тышкевіча і графіні Аўгусты-Марыі Плятар. Бацька валодаў Лагойскам.

Палац Тышкевічаў у Лагойску, літаграфія Напалеона Орды. Крыніца: wikimedia.org

Старэйшым братам Яўстаха быў Канстанцін Тышкевіч, пачынальнік беларускай археалогіі, краязнавец і культурны дзеяч.

У 1824 годзе Яўстах Тышкевіч пачаў вучыцца ў гімназіі ў Вільні. Па невядомых прычынах потым перавёўся ў губернскую гімназію ў Мінску, якую скончыў у 1831 годзе. 27 лістапада 1833 г. паступіў на службу канцылярыстам у Капітул імператарскіх і царскіх ордэнаў па экспедыцыі ордэна Святой Ганны.

Пераведзены ў штат канцылярыі віленскага генерал-губеранатара на пасаду канцылярскага чыноўніка. У 1839 г. атрымаў чын калежскага рэгістратара. 6 мая 1840 г. граф Яўстах Тышкевіч пераведзены ў штат канцылярыі Чарнігаўскага, Палтаўскага і Харкаўскага генерал-губернатара на пасаду канцылярскага чыноўніка. Неўзабаве атрымаў чын губернскага сакратара. Але хутка па ўласным прашэнні быў звольнены са службы ў канцылярыі. 12 лістапада 1842 г. быў зацверджаны на пасадзе ганаровага наглядальніка вучэльняў Барысаўскага павета. 20 верасня 1844 г. у Мінску на дваранскіх выбарах быў выбраны павятовым дваранствам на пасаду барысаўскага павятовага маршалка. Быў ім да 1847 года. Яўстах Тышкевіч цікавіўся асветай, разумеў яе праблемы і сам імкнуўся весці культурна-асветніцкую работу. Пра гэта можа сведчыць той факт, што ў Барысаве Тышкевіч падарыў школьнай управе ўласны дом, дзе была створана пачатковая школа і тут ён на свае сродкі ўтрымліваў двух настаўнікаў.

Займаючыся пытаннямі асветы ў сваім павеце, Тышкевіч таксама праводзіў археалагічныя і гістарычныя даследаванні. У перыяд з 1840 па 1850 гг. было апублікавана дзевяць яго нарысаў і артыкулаў. У 1842 г. выйшла праца Тышкевіча «Погляд на крыніцы айчыннай археалогіі, гэта значыць апісанне некаторых помнікаў старажытнасці, выяўленых у заходніх губернях Расійскай імперыі». Тышкевіч вывучаў курганы, гарадзішчы і замчышчы на беларускіх землях.

У 1843 г. пасля паездкі ў Швецыю і Данію Тышкевічам быў створаны план стварэння музея ў Вільні. На жаль, доўгі час рэалізаваць яго было немагчыма, бо расійскі ўрад не дапускаў стварэння культурніцкіх арганізацый. Урэшце Тышкевіч заснаваў Віленскую археалагічную камісію (1855-65) і Віленскі музей старажытнасцяў (1855 год). Супрацаваў разам з братам Канстанцінам Тышкевічам з газетай «Kurier Wileński» (выходзіла таксама пад назвай «Виленский вестник»), якую рэдагаваў вядомы навуковец і дзеяч Адам Кіркор.

Апошнія дні жыцця Яўстах Тышкевіч правёў у Вільні пад апекай сваёй роднай сястры, пры ёй і памёр 25 жніўня 1873 года ў Вільні ў доме Агінскіх.

Быў урачыста пахаваны ў Вільні на могілках Росы, у той жа дзень прайшла і імша па памерлым. У 2022 годзе помнік Яўстаху Тышкевічу паставілі каля Акадэміі Навук у Менску.