BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Конана

Беларускі філосаф, гісторык, літаратурны крытык, доктар навук Уладзімір Конан нарадзіўся 23 красавіка 1934 года ў вёсцы Вераскава (Наваградскі раён). Паходзіў з сялянскай сям’і. Вучыўся ў Плянтоўскай пачатковай, Вераскаўскай сярэдняй школе. Скончыў гістарычны факультэт БДУ (1959 год). Пасля сканчэння БДУ выкладаў гісторыю, расейскую мову і літаратуру ў Старажоўскай 8-гадовай школе Вялейскага раёна, быў яе дырэктарам. У 1961 годзе паступіў у аспірантуру Інстытута філасофіі і права АН БССР, працаваў малодшым, старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам сектара эстэтыкі і сацыяльнай псіхалогіі, вядучым навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута.

З 1990 года Уладзімір Конан працаваў загадчыкам аддзела Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны. Даследаваў тэарэтычна-метадалагічныя праблемы філасофіі і культуралогіі, гісторыю эстэтычнай думкі, пытанні фалькларыстыкі і літаратуразнаўства Беларусі.

Першы свой артыкул апублікаваў у 1963 годзе ў часопісе “Весці АН БССР”. Стаў сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі ў 1982 годзе. У 1984 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за цыкл работ па гісторыі філасофскай і грамадскай думкі Беларусі. Конан з’яўляецца аўтарам амаль 30 манаграфій і брашур, шматлікіх навукова-даследчых артыкулаў у розных галінах гуманітарных навук. Сярод яго манаграфій – “Ля вытокаў самапазнання: станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору”, “Боская і людская мудрасць (Францішак Скарына: жыццё, творчасць, светапогляд)”, “Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча” і многія іншыя.

На фота: Юры Хадыка, Зора Кіпель, Васіль Быкаў, Вітаўт Кіпель, Дзмітры Бугаёў, Адам Мальдзіс, Уладзімір Конан, 1995 год, Іслач

Уладзімір Конан належыць да першай генерацыі беларускіх філосафаў у сапраўдным сэнсе гэтага слова, людзей, якія, стварылі беларускую гісторыка-філасофскую школу. Людзей, якія ўпершыню заняліся гісторыяй беларускай думкі і паспрабавалі рассыпаць папулярны міф пра тое, што ў Беларусі філасофскай традыцыі не было, а існавала толькі вёска, фальклор. Менавіта Інстытут філасофіі стаўся прытулкам для такіх энтузіястаў, як Конан. Разам з ім былі Сцяпан Майхровіч, Энгельс Дарашэвіч, Сямён Падокшын. З маладзейшага пакалення – Чарнышова. Гэта былі першыя навукоўцы, якія стваралі вобраз іншай беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Ясна, што гэта было няпроста. Напрыклад, сваю доктарскую дысертацыю па гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі Уладзімір Конан абараняў у Маскве. Там жа выйшла і ягоная манаграфія (сумесна з Дарашэвічам), у якой яны ўпершыню прапанавалі новае бачанне беларускай інтэлектуальнай гісторыі. У сярэдзіне 1980-ых гадоў Конан быў ужо загадчыкам аддзела ў Інстытуце філасофіі. І там тады сабралася вельмі цікавая творчая кампанія.

Язэп Янушкевіч, Янка Саламевіч і Уладзімір Конан

У 1972 годзе Уладзімір Конан і Энгельс Дарашэвіч выдалі ў серыі “Гісторыя эстэтычнай думкі СССР” беларускі том. Конан – аўтар тысяч артыкулаў, дзесяткаў манаграфій, складальнік некалькіх кніг беларускай літаратурнай і фальклорнай спадчыны.

Уладзімір Конан быў праваслаўным хрысціянінам, сябрам праваслаўнага брацтва Трох віленскіх пакутнікаў. І пры тым экуменістам. Характэрна, што адну з сваіх грунтоўных працаў – “Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі” ён прысвяціў ідэолагу беларускага каталіцтва.

Памёр Уладзімір Конан 6 чэрвеня 2011 года ў Менску. Пахаваны на Паўночных сталічных могілках.

Беларускае Радыё Рацыя