Беата Сівек – адна з самых аўтарытэтных польскіх літаратуразнаўцаў, якія даследуюць беларускую літаратуру.
У яе навуковым багажы даследаванні паэзіі Максіма Багдановіча, творчасці беларускіх пісьменнікаў-«белавежцаў» з Падляшша, сучаснай беларускай драматургіі. Зараз яна працуе над манаграфіяй, якая прысвечана творчасці празаіка Івана Пташнікава.
-Я пачала чытаць спачатку апавяданні, потым ягоныя аповесці. У 2019 годзе паехала на месячную стажыроўку ў БДУ. Амаль гэты месяц прасядзела і ў бібліятэцы, і ў архіве. Так што ў мяне шмат розных сканаў ягоных рукапісаў, і здымкаў. Магу сказаць на гэты момант, што я сабрала ўсё, што напісана Пташнікавым і напісанае аб ім. Спадзяюся, што праз год, можа праз два я апублікую манаграфію, якая прысвечана творчасці Пташнікава.
Беата Сівек – прафесар, доктар габілітаваны, працуе загадчыцай кафедры рускай, украінскай і беларускай літаратуры ў Люблінскім каталіцкім універсітэце Яна Паўла ІІ. Яна аўтарка кнігі «Беларуская драматургія і тэатр у пошуках культурнай ідэнтычнасці» і іншых.
Беларускае Радыё Рацыя