Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі прадставіў сваю першую ў 2024 годзе віртуальную выставу «Мінск: да 525-годдзя атрымання Магдэбургскага права».
Яна прысвечана знамянальнай падзеі ў гісторыі сталіцы Беларусі — 525-годдзю надання Менску Магдэбургскага права.
“На выставе, сярод іншага, дэманструюцца акты XVI ст., якія адлюстроўваюць пачатковы этап існавання гарадскога самакіравання ў Менску, вытрымкі з судовых кніг XVII–XVIII стст. аб функцыянаванні магістрата і ратушы, матэрыялы з фонду Менскай гарадской думы, што раскрываюць гісторыю будынка Менскай ратушы ў першай палове XIX ст.”, – напісана на старонцы архіва ў фэйсбук.
Выяўленне і адбор матэрыялаў праведзены загадчыкам аддзела старажытных актаў НГА Беларусі Аксанай Раманкевіч і вядучым навуковым супрацоўнікам НГА Беларусі (і выдатным даследчыкам гісторыі Менска) Уладзімірам Дзянісавым.