Фільм «Пад шэрым небам» беларускай рэжысэркі Мары Тамковіч, натхнёны постацямі і гісторыяй беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, быў адабраны ў міжнародны конкурс вядомага нью-ёрскага фестывалю Tribeca, паведамляе Reform.news.
Стужка была адабраная на конкурс «Найлепшы замежны гульнявы фільм» з сотні прэтэндэнтаў з усяго свету. З ім у секцыі будуць спаборнічаць сем стужак рэжысёраў з Харватыі, Швецыі, Бразіліі, Сінгапуру, Нямеччыны ды іншых краін.
«Бяз сціпласці скажу, што трапіць у праграму такога фэсту — гэта поспех», — пракаментавала навіну Reform.news рэжысёрка.
Фільм «Пад шэрым небам» вырас з папярэдняй кароткаметражнай стужкі Мары Тамковіч «У жывым эфіры». Ён быў зняты за 15 дзён, у ім зняліся акторы, якія былі задзейнічаныя ў «У жывым эфіры», у першую чаргу Аляксандра Вайцяховіч. Ігара Ільяша будзе граць Валянцін Навапольскі. Бюджэт стужкі вельмі сціплы па мерках еўрапейскага кіно — 1 мільён злотых (ці каля 245,5 тысячы даляраў), на 90% яна была прафінансаваная Польскім інстытутам кіно.