BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ілля Сільчукоў выступіць у Беластоку на Дзень волі

Дзень Волі ў Беластоку. Мясцовая беларуская супольнасць адсвяткуе 106-ыя ўгодкі БНР урачыстым канцэртам. На імпрэзу запрошаны папулярны артыст опернай сцэны Ілля Сільчукоў. У перапынку між рэпетыцыямі са спеваком пагутарыў Стась Дадэрка.

РР: Пачну з нечаканага пытання. Я добра помню вашае інтэрв’ю дадзенае Свабодзе ў снежні 2021 году. І вы тады зрабілі тое, што не зрабіў ніхто з палітычных аналітыкаў, палітолагаў, палітычных аглядальнікаў. Вы сказалі, што ў 2022 годзе адбудуцца тэктанічныя змены. І гэта сказаў оперны спявак. І гэтыя змены фактычна адбыліся, яны закранулі Беларусь, Украіну, Расею — маю на ўвазе поўнамаштабную вайну. Што вы адчувалі тады, ці гэтага вы чакалі?

— Вядома, я не задаволены тым, што так мой прагноз апраўдаўся. Творчыя людзі больш схільныя, каб аддаваць перавагу больш асабістым пачуццям, інтуіцыі творчай. Мы ўсе бачылі тую эскалацыю ў 21 годзе і больш хацелася, каб гэта былі станоўчыя тэктанічныя змены, а сталася ў горшую ступень эскалацыя. І ў Беларусі, і ва Украіне, і ва ўсім свеце, мы бачым, Ізраіль і іншае.

РР: У 2020 годзе праз вашую грамадзянскую пазіцыю вас звольнілі з опернага тэатру ў Беларусі. І цяпер, як паглядзець афішы з вашым удзелам, вы выступаеце фактычна па ўсім свеце. Гэта і Мілан, і Сафія, і Нью-Ёрк, і Бостан. Але сталае вашае места — Бостан?

— Так, разам з сям’ёй мы цяпер стала жывём у Бостане.

РР: У сувязі з той жа вайной, ці не сутыкнуліся вы з такой з’явай як Cancel Culture, яшчэ ў 2022 годзе гучалі заклікі скасаваць усё, што звязана з Расеяй, расейскую культуру, расейскіх аўтараў, але я бачу, што ў вашых праграмах ёсць нават Чайкоўскі. Як вы ставіцеся да такой з’явы?

— Я стаўлюся да гэтага так: мы творцы і асабліва трэба ставіцца да творчасці прадстаўнікоў як Чайкоўскі, Дастаеўскі, Талстой і г.д., і калі гэтым, з ідэалагічных хібаў, карыстаюцца прыхільнікі „рускага міру“, так званага, то гэта іхная праблема. Мне дужа падабаецца музыка Вагнера таксама, і гэта не праблема Вагнера, што ягоная музыка натхняла такіх асобаў як Гітлер і астатніх, ён не вінаваты ў гэтым. Мае калегі з Украіны пыталіся пра гэта, а я адказваў.

Рэпетыцыі канцэрту да Дня Волі Ілля Сільчукоў праводзіць у Варшаве разам з Classic-Modern Orchestra. Ужо ў панядзелак святочную праграму можна будзе пачуць у Беластоку. Месцам падзеі стане канцэртная зала Падляшскай оперы і філармоніі, што на вуліцы Падлеснай 2. Пачатак а 18:00.

Беларускае Радыё Рацыя