BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Юбілей першага старшыні Рады згуртавання беларусаў свету

Празаік, крытык, перакладчык Яўген Лецка 20 красавіка адзначае 80-гадовы юбілей.
Пісьменнік нарадзіўся 20 красавіка 1944 годзе ў вёсцы Пабрэзе Наваградскага раёна. На грамадзянска-палітычныя пачуцці пісьменніка вельмі паўплываў бацька, які быў сябрам Беларускай сялянска-работніцкай Грамады.

Па заканчэнні Нягневіцкай сярэдняй школы ў 1962 годзе Яўген паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (падчас навучання працаваў на заводзе, а таксама настаўнічаў). Пасля ўніверсітэта быў карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчання ў г. п. Карэлічы. Друкавацца пачаў у мясцовай раённай газеце «Полымя». У 1971 годзе Яўген Лецка закончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў пасля ў інстытуце Акадэміі Навук Беларусі, у выдавецтвах і рэдакцыях газет. У 1990 годзе адбылася ўстаноўчая канферэнцыя згуртавання беларусаў свету. Прэзідэнтам ЗБС «Бацькаўшчына» быў абраны Васіль Быкаў, а старшынёй Рады – Яўген Лецка. Узначальваў Раду ён тры гады.

Валянціна Коўтун, Яўген Лецка і Хрысціна Лялько, 1989 г.

Яўген Лецка напісаў аповесці «Па цаліку» (1977), «Дарога ў два канцы» (1981), якія вызначаюцца псіхалагізмам, добрым адчуваннем мовы. Як літаратуразнаўца даследуе мастацкія адметнасці, стыль беларускіх празаікаў, узаемадзеянне літаратуры і чытача. Выдаў кнігі «Выхаваўчая роля літаратуры», «Хараство і боль жыцця: Нарыс творчасці Вячаслава Адамчыка» і іншыя. Складальнік літаратурна-краязнаўчага зборніка «Вобраз» (1981), зборнікаў апавяданняў маладых пісьменнікаў «Цяпло на першацвет» (1985), «Акно ў зялены сад» (1988), кніг твораў Міколы Дзяшкевіча (1991), Лукаша Калюгі (1992), Андрэя Мрыя (1993).


Акрамя гэтага Яўген Лецка – аўтар дакументальнага фільма пра Янку Купалу, перакладае з украінскай мовы. Выступае ў перыядычным друку з нарысамі і артыкуламі пра экалогію, стаўленне да роднай мовы…

Шчыра віншуем спадара Яўгена Лецку з юбілеем. Жадаем яму здароўя, творчых сіл і натхнення!

Беларускае Радыё Рацыя