Прапануем разам пагартаць культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках Польшчы.
Варшава. Субота, 20-га красавіка – Лялечны спектаклік «Угу! Навіны лесу». У лесе адбываюцца незвычайныя падзеі — па начах нехта палохае лясных жыхароў. Адважная карэспандэнтка Вавёрка бярэцца расследаваць сітуацыю і зрабіць найвыбітнейшы рэпартаж! Гасцей чакае казка пра тое, як важна разумець адно аднаго і не толькі. Рэжысёрка — Вікторыя Ягорава.
Таксама ў суботу ў Варшаве – Маналогі Дзеда-Барадзеда. “Персанаж Дзед-Барадзед — гэта зборная выява беларускай ідэнтычнасці, — кажа Андрэй Новік, рэжысёр спектакля. — Як персанаж з казкі нашага дзяцінства, ён заўсёды быў побач. Ён бачыў узлёты і падзенні маленькіх беларусікаў, быў родным для цэлага пакалення. Персанаж бачыў усе самыя страшныя трагедыі нашага грамадства на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, наступствы аварыі на ЧАЭС і Чарнобыльскі шлях. Але таксама бачыў адраджэння беларускай самасвядомасці.
Што ён можа сказаць зараз?” Даведаемся на сустрэчы.
Таксама ў Варшаве – імпрэза з Аляксандрам Валодзіным. Выдатная магчымасць жыўцом пагутарыць з уладальнікам культавай кавярні Monkey Food, перакладчыкам з арабскай мовы, эмігрантам са стажам, фатографам — Аляксандрам Валодзіным.
Беласток. Субота, 20-га красавіка. У хабе «Новая Зямля» — творчы вечар журналіста і музыкі Алеся Яшчанкі «Міністэрства любові». У праграме — песні і правінцыйныя гумарэскі.
Кракаў. Субота, 20-га красавіка, – спектакль «Мазаіка». Гэта пастаноўка пра эмігрантаў, якія перажываюць не першую эміграцыю. Воляю лёсу яны апынуліся ў Польшчы і з нуля адбудоўвалі сваё жыццё. У іх праблемы з працаўладкаваннем, легалізацыяй знаходжання і правамі. Публіку чакае дыджэйскі сэт, падчас якога можна пачуць шчырыя размовы пра культуру, свабоду, мову, знешнасць, час і, канешне, каханне. Рэжысёр і драматург — Віталь Карабань.
Уроцлаў. Субота, 20-га красавіка. Дзіма Нарышкін з імправізацыяй. Новы камедыйны матэрыял, а таксама інтэрактыў.
У нядзелю ў сталіцы Польшчы – арт-маркет у Варшаве. Тут можна будзе купіць біжутэрыю, галаўныя ўборы, касметыку, свечкі, мыла, хатні зефірчык, пасцілу і яшчэ шмат чаго іншага.
Таксама ў нядзелю ў Варшаве – перформанс Артура Камароўскага. «290» — гэта паэтычна-візуальнае даследаванне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, спроба фіксацыі і архівізацыі памяці, аднаўлення і пера(пра)жывання досведу. 290 — гэта вялікія і малыя беларускія мястэчкі, ліквідаваныя і пакінутыя. Большасць з іх сёння — кароткія старонкі ў Вікіпедыі: геаграфія, транспартная сувязь, гісторыя і насельніцтва. А можа і нешта яшчэ.
Люблін. Нядзеля, 21-га красавіка – Купалаўцы граюць спектакль «Гісторыя Юдзіфі». Гэта ўніверсальная гісторыя пра сутыкненне чалавечага лёсу з бязлітаснай машынай гісторыі, пра канфлікт паміж асабістым шчасцем і грамадскім абавязкам.
І таксама да 10-га мая ў Варшаве будзе ладзіцца выстава беларускіх мастакоў. На вернісажы арт-рэзідэнцыі Дома Творцаў прэзентуюць працы 15 таленавітых мастакоў, якія працавалі пад кіраўніцтвам праф. Віктара Гута і доктара Цэзара Качварскага.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя