BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Лявон Вольскі: “Hramadaznaūstva” – мой першы сур’ёзны аўтарскі праект

Беларускі рок-гурт “Volski” адсвяткуе 10-годдзе альбома “Hramadaznaūstva”. Альбом быў прэзентаваны акурат у Дзень Волі – і невыпадкова: у рэлізе – шмат песень, у якіх “сказана тое, пра што гаварыць было не прынята”.

Лідар калектыву Лявон Вольскі распавёў нашай карэспандэнтцы Марыне Савіцкай пра лонгплэй, стаўленне да яго тады і цяпер, а таксама адзначэнне Дня Волі ў розныя часы.

РР: Якая ў вас першая асацыяцыя, што ўзнікае ў галаве, калі вы чуеце альбом «Грамадазнаўства»?

Лявон Вольскі: Адразу прыгадваецца, як ён ствараўся. Бо гэта для мяне была сур’ёзная ў жыцці падзея, гэта быў першы сур’ёзны сольны праект, дзе былі сур’ёзныя тэксты, так бы мовіць, на злобу дня. І на той момант гэта было абсалютна не ў мэйнстрыме. На той час я ўжо не супрацоўнічаў з NRM. І мне ўвесь час хацелася зрабіць нейкі сольны праект, але не пісалася.

Я рабіў такія паўзахады – спачатку «Куплеты і прыпевы», але гэта хутчэй прыкол, чым сур’ёзны сольны праект. Тым, хто не зразумеў, што гэта прыкол, вельмі шкада, бо там я запісаў такія сінтэзатарныя бубны, каб гучала найбольш смешна.

Потым была «Белая яблыня грому». Але гэта быў такі больш адукацыйны праект. На той час была ў мяне польская стыпендыя, і яна прыдалася, бо з’явіліся магчымасці гэта ўсё аформіць, узяць кнігі беларускіх паэтаў, пагартаць, знайсці там тэксты, якія можна пакласці на музыку. Але гэта быў таксама не цалкам сольны праект.

А вось «Грамадазнаўства» гэта быў безумоўна першы сур’ёзны крок у гэтым накірунку. І тут усё супала. Я доўга чакаў, каб супалі гэтыя зоркі з сольнай дзейнасцю. Даўно хацеў гэтым сур’ёзна заняцца, але неяк не атрымлівалася. Песні былі ўжо да 2014 года, калі былі ўжо гатовыя альбом, але з іншым аранжаваннем і з іншымі музыкамі, былі нават запісаныя дзве песні на студыі, але ўсё было неяк не тое. А тут як раз пазнаёміліся ў 2012 годзе з нарвежскім прадзюсарам Снорэ Бергерудам. І ён прапанаваў супрацу. Доўга і пакутліва гэта ўсё рабілася. Таму што спачатку ў мяне было чатыры-пяць песень, напэўна. Вырашылі, што мусіць быць поўнафармат – дванаццаць песень. І пачало пісацца. У мяне так часта бывае – калі трэба, то трэба. Але тут у 2013 годзе знянацку захварэў прадзюсар. І гэта было сур’ёзна, спыніла працу на некалькі месяцаў. Але ўрэшце мы ўсё ж такі дабілі. І потым была такая сітуацыя – ён даслаў рабочую версію, першая песня была «Ламай сцэнар». Яна зусім выбівалася. Была запісана зусім неяк па-іншаму, да чаго мы не прызвычаіліся. І я ніяк не мог зразумець, ці падабаецца мне гэта. Увогуле мы ўсё ж пагадзіліся. І яшчэ, успаміны пра доўгія рэпетыцыі. Мы вырашылі граць нарвежскім складам, плюс Алесь Францішак Мышкевіч на басу. Мы жылі ў Вільні тыдзень і рэпетавалі, рэпетавалі. Тыдзень упартай працы. Вось такія ў мяне складаныя і доўгія асацыяцыі.

Цалкам размова:

Канцэрт “Лявон у Ліёне” адбудзецца 9-га сакавіка, а імпрэза, прымеркаваная да 10-годдзя альбома “Hramadaznaūstva”, – у Варшаве 23-га сакавіка на пляцоўцы “Odessa Club”.

Беларускае Радыё Рацыя