BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Калі ставімся да беларускай культуры па рэшткавым прынцыпе, то маем крызіс, выгнанне і палітвязняў”

Пакуль сёлета многія спрачаліся пра тое, у якой формы правесці Дзень Волі ў свеце, у Празе прайшла ІІІ Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету. Такі сход, бадай, –  самая важна форма Дня Волі, якая ніколі не была мажліва ў Беларусі, але зараз прыдалася беларусам у выгнанні, бо працавала над пытаннямі далейшага развіцця дэмакратычных сіл Беларусі на перакрыжаванні палітыкі і культуры.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з удзельніцай Канферэнцыі, каардынатаркай Беларускай рады культуры Надзеяй Гарэцкай пра тое, якія значныя праблемы і выклікі стаяць перад дыяспарай; для чаго беларусам важна перш за ўсё ўмацоўваць культурніцкі складнік і захоўваць нацыянальную ідэнтычнасць, дзе б яны не знаходзіліся.

РР: Вы ўдзельнічалі ў працы ІІІ Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету, што праходзіла ў Празе, прадстаўлялі Раду культуры і прынялі ўдзел у дыскусійнай панэлі “Узмацненне патэнцыялу супольнасці беларусаў замежжа”. Раскажыце, калі ласка, пра што вы распавядалі, якая была рэакцыя ў адказ і да чаго прыйшлі ў выніку працы агулам гэтай панэлі, што было б важана ведаць усім беларусам зараз.

Надзея Гарэцкая: Увогуле сама канферэнцыя аб’яднала вельмі вялікую колькасць прадстаўнікоў незалежнага сектара, арганізатары казалі, што было прадстаўлена больш за 100 ініцыятыў. Наша панэль па ўзмацненні патэнцыялу беларусаў і беларусак у дыяспары была падзеленая на чатыры часткі. Гутарылі пра пытанне палітвязняў, дакументы, легалізацыю беларусаў у дыяспарах, гутарылі і пра фінансаванне праектаў. І культура была адной з частак да гэтай трэцяй вялікай панэлі.

Павел Баркоўскі зрабіў акцэнт на колькасць палітвязняў і рэпрэсій у сферы культуры, пра жудасную палітыку русіфікацыі, Алесь Лапко звярнуў увагу на дзейнасць “Беларускага моладзевага хаба” як прыклад паспяховай ініцыятывы ў дыяспары. Таксама Сяргей Навумчык прадставіў тое, як Рады БНР спрыяе ўзмацненню патэнцыялу беларусаў замежжа ў пытанні культуры.

Сваю прамову я звязала з тым, што калі мы ставімся па рэшткавым прынцыпе, то мы пасля маем і палітвязняў, і жудасную міграцыю, і палітычны крызіс і г.д. Думаю, што кожны са спікераў нашай панэлі быў з гэтым абсалютна згодны, і збольшага аўдыторыя разумела прычыны глабальнага крызісу. Не палітыка з’яўляецца першапрычынай альбо першакрыніцай праблемы або крызісу, а ўсё ж такі культурны заняпад, знішчэнне ідэнтычнасці і заняпад духоўнага развіцця чалавека. Таму Беларуская рада культуры ставіць адной з галоўных задач лабяванне змянення стаўлення да культуры, для таго, каб культуру ставілі побач і з грамадзянскай супольнасцю, і з палітычным жыццём, а часам нават наперад, каб яна не фінансавалася па рэшткавым прынцыпе, каб медыя не пісалі пра яе ў падвале.

Змены праз культуру, праз нацыянальнае адраджэнне найбольш устойлівыя і доўгатэрміновыя, бо яны ўплываюць на шэраг выбараў людзей, а не на адначасовае прыняцце рашэнняў.

Я таксама звярнула ўвагу на тое, што культурнае поле ў Беларусі адно, яго нельга дзяліць на аўдыторыю, якая засталася ўнутры Беларусі, і на дыяспару. Мы імкнемся падтрымліваць тыя праекты, якія з’яўляюцца кроспамежнымі, якія цалкам бываюць на тэрыторыі Беларусі, але пры гэтым з дапамогай арганізацыі дыяспары, альбо якія накіраваныя на аўдыторыю ўнутры Беларусі, але арганізуюцца арганізацыямі, якія знаходзяцца ў бяспецы.

Такія праекты дапамагаюць зменшыць падзел між культурным асяроддзем знутры і звонку і дапамагаюць культурным дзеячам унутры краіны адчуць сябе запатрабаванымі.

І гэта тое, да чаго я заклікала прадстаўнікоў дыяспары, што калі яны плануюць свае амбітныя ці маленькія праекты, падумаць пра тое, якую ролю ў праекце могуць адыгрываць творцы альбо культурныя дзеячы ўнутры краіны. Гэта роля можа быць невялікая, мы мусім таксама клапаціцца, каб людзі заставаліся ў бяспецы. Але калі мы звяртаемся па экспертную, творчую працу, мы падтрымліваем не толькі фінансава, але і іх прагу да самарэалізацыі і да таго, што яны спрычыняюцца да развіцця беларускай культуры.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя