BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ціханоўская 29-30 красавіка наведае Нарвегію

Сустрэчы з уладамі Нарвегіі запланаваны падчас візіту беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай у Осла 29–30 красавіка, паведаміў «Позірку» галоўны саветнік палітыка Франак Вячорка.

29 красавіка дэмлідар сустрэнецца з прадстаўнікамі даследчых цэнтраў, грамадзянскай супольнасці і асобнымі журналістамі; правядзе перамовы з членамі парламенцкага камітэта па замежных справах і абароне, а затым – са спікерам Стортынга Масудам Гараххані. Запланавана адкрытая сустрэча з Нарвежскім Хельсінкскім камітэтам і беларускай дыяспарай у асобе членаў супольнасці Razam. Праграма завершыцца вячэрай, якую арганізуе намеснік міністра замежных спраў Эйвінд Вад Петэрсан.

У другі дзень візіту Ціханоўская правядзе перамовы з кіраўніком МЗС Эспенам Бартам Эйдэ, прэм’ер-міністрам Ёнасам Гарам Стэрэ, прадстаўнікамі парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», мэрам Осла Ганне Ліндбу, генеральным дырэктарам Дэпартамента палітыкі бяспекі і Крайняй Поўначы ў МЗС, міністрам культуры Любой. Дэмлідар таксама выступіць на канферэнцыі Words Matter!

Паводле слоў Вячоркі, гэта «доўгачаканы, запланаваны» візіт. З прадстаўнікамі нарвежскіх уладаў плануецца абмеркаваць пытанні „павелічэння фінансавання незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці і беларускіх культурных ініцыятыў, падтрымкі для рэабілітацыі былых палітвязняў і дзяцей рэпрэсаваных“. „Нарвегія ўжо падтрымлівала семʼі рэпрэсаваных, палітвязняў, але мы зараз будзем казаць пра больш сістэмную праграму рэабілітацыі палітвязняў“, – адзначыў галоўны дарадца палітыка.

Беларускае Радыё Рацыя