BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Памёр віцебскі мастак Уладзімір Вальноў

Віцебскаму мастаку было 83 гады. Ён нарадзіўся ў 1940 годзе. 10 чэрвеня 1944 года яго, чатырохгадовага хлопчыка, знайшлі савецкія салдаты ў акопе пад Гарадком. Так і запісалі ў пашпарце — 10 чэрвеня. І прозвішча далі — Вальноў. Сапраўднае — Хадыка — ён даведаўся толькі ў 1961-м, калі знайшоў бацьку.

— Я не звяртаўся да генетычнай экспэртызы, рады быў, што здабыў родных. Прозвішча, праўда, не памяняў, а трэба было б узяць падвойнае. Ды не знайшоў часу, — распавядаў Уладзімір Мікалаевіч тры гады таму ў інтэрв’ю “Віцебскім весцям”.

Ужо юнаком ад бацькі Уладзімір Вальноў даведаўся пра маці, брата, пра тое, што родам ён з вёскі Горадна Бешанковіцкага раёна. Бацька змагаўся ў партызанскім атрадзе, а маці разам з іншымі аднавяскоўцамі немцы расстралялі ў 1943-м падчас карнай аперацыі. Маленькага Валодзю з братам, які быў старэйшы на тры гады, адправілі да бабулі ў Гарадоцкі раён. Неўзабаве яна памерла, і дзеці засталіся адны.

— Пра брата дагэтуль нічога не ведаю, так і згубіўся ў гэтым жыцці. А мяне знайшлі. Я некаторы час смяяцца не мог, толькі рот адкрываў, заікаўся. Вайна пакінула глыбокі адбітак у дзіцячай душы, — расказваў ён.

Потым ён напісаў карціну «Безназоўная вышыня» і прысвяціў яе свайму другому дню нараджэння.

«Я дзіця вайны», — казаў мастак. Тэма знявечаных лёсаў, пакут маці, якія страцілі сыноў, Халакосту займала асаблівае месца ў яго творчасці. 

У 1961-м, калі знайшоў бацьку, пераехаў у Віцебск. Уладкаваўся на завод і стаў хадзіць у мастацкую студыю пры педінстытуце. Паступіў на мастацка графічна, але неўзабаве пайшоў у войска, адслужыў. Пасля заканчэння ВНУ працаваў у Сібіры, потым вярнуўся ў Віцебск.

Майстэрня Уладзіміра Вальнова размешчана на мансардзе дзевяціпавярховага дома ў цэнтры Віцебска. У акне на ўсю сцяну — маляўнічы від старога Віцебска, а на мальберце быў вясновы пейзаж.

— У лютым, калі з’яўляюцца сінія цені, я пачынаю хварэць на блакітны колер. Пісьменнік Міхаіл Прышвін казаў: «Люты — гэта вясна сонца».

Сярод куміраў ён называў Ван Гога, Мадыльяні. Для Уладзіміра Вальнова гэтыя мастакі з трагічным лёсам — прыклад самааддачы.

На сценах майстэрні — карціны, якія раскрывалі душу мастака, тое, што сёння баліць і радуе. Эцюды пра партызанскія будні, прысвячэнне Халакосту, Васілю Быкаву, пейзажы Пскоўшчыны — напісаныя падчас падарожжаў, пленэраў.