BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Гародні абмеркавалі другі этап рэстаўрацыі Старога замка

Праект другой чаргі рэстаўрацыі Старога замка абмеркавалі ў Гародні з удзелам намесніка міністра культуры Сяргея Саракача, начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Алены Клімовіч, кіраўніка праекта Алега Шымбарэцкага і дырэктара Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрыя Кітуркі, паведамляе БелТА.

У другую чаргу праекта ўключаны ў асноўным працы ў сценах старога замка і флігеля, які прымыкае да яго. Плануецца стварыць замкавыя інтэр’еры каралеўскіх спальні і кабінета, сталовай і шэрагу іншых памяшканняў, а таксама зладзіць тэматычныя экспазіцыі.

Праектныя работы плануецца закончыць да канца 2024 года, пасля чаго пачнецца новы этап рэстаўрацыі, якая ідзе ў Старым замку ў Гародні з 2017 года.

Падчас першай чаргі рэстаўрацыйных работ адноўлены Замкавая капліца і купал уязной вежы, сярэдняя вежа, галерэя, узведзены будынак пры сярэдняй вежы.

Трэці этап работ будзе ўключаць двор, сцены з боку ракі Гараднічанка і астатнюю частку сцяны з боку Нёмана з прылеглымі гаспадарчымі пабудовамі.