BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Кінуць на волю лёса

Так званы парламент Беларусі ўсё ж прагаласаваў за выхад з дамовы пра звычайныя ўзброеныя сілы Еўропы. Ці павінен Захад абараняць паветраную прастору Украіны? У Харватыі парламенцкія выбары выйграла кіруючая партыя. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Законапраект, унесены Лукашэнкам, можа адкрыць шлях для Беларусі — саюзніка Расеі ў вайне ва Украіне — для пашырэння ўзброеных сіл», – піша індыйскае выданне The Hindustantimes.

«Беларускі парламент у сераду прагаласаваў за прыпыненне ўдзелу краіны ў Дамове аб звычайных узброеных сілах у Еўропе, якая калісьці была ключавой дактрынай бяспекі на кантыненце, пагадненні 1990 года, ад якога летась адмовілася Расея. Законапраект, унесены аўтарытарным прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам раней у гэтым месяцы, можа адкрыць шлях для Беларусі — саюзніка Расеі ў вайне ва Украіне — да пашырэння сваіх войскаў. Беларускія дэпутаты аднагалосна ўхвалілі законапраект аб прыпыненні дзеяння дамовы. Цяпер Лукашэнка павінен падпісаць законапраект, каб ён стаў законам. Дамова, падпісаная ў 1990 годзе, накладвае абмежаванні на танкі, баявыя машыны, баявыя самалёты і цяжкую артылерыю, якія могуць быць разгорнутыя ў Еўропе. Ён быў накіраваны на захаванне ваеннага балансу паміж Захадам і краінамі, якія ўваходзілі ў Варшаўскі дагавор часоў халоднай вайны. Аднак Расея цалкам выйшла з дамовы ў лістападзе 2023 года, а краіны НАТА, якія ўваходзілі ў яе, адказалі прыпыненнем свайго ўдзелу ўсяго праз некалькі гадзін», – падкрэслівае індыйскае выданне.

Пасля таго як Ізраілю і яго саюзнікам удалося паспяхова адбіць ракетную атаку Ірана, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў Захад праявіць такую ж рашучасць і адносна абароны ўкраінскага неба ад расейскіх ракет і дронаў. Як заявіў Зяленскі, прыклад Ізраіля дэманструе, што для гэтага краіна не абавязкова павінна быць сябрам НАТА. «А Украіна таксама неадкладна мае патрэбу ў сродках СПА», – абураецца амстэрдамская газета De Volkskrant.

«Па сканчэнні двух з невялікім гадоў з пачатку поўнамаштабнага ўварвання і дзесяці гадоў пасля першага нападу Расеі на Украіну, Кіеў так і не атрымаў ад Захаду ніводнага сучаснага самалёта, здольнага збіваць ракеты і не дазваляць расейскай авіяцыі падлятаць на блізкую адлегласць. Многім украінцам горка было бачыць, што ў выпадку іранскага нападу на Ізраіль заходнія краіны неадкладна адправілі туды свае знішчальнікі і сваіх пілотаў», – наракае нідэрландскае выданне.

На парламенцкіх выбарах у Харватыі перамогу атрымала кансерватыўная кіруючая партыя прэм’ер-міністра Плянковіча – Харвацкая дэмакратычная садружнасць. Пасля падліку амаль усіх галасоў партыя атрымала 60 месцаў са 151. Сацыял-дэмакратычная партыя прэзідэнта Зорана Міланавіча заняла другое месца. На трэцім месцы апынуўся ўльтраправы Айчынны рух, з якім Плянковічу, магчыма, давядзецца сфарміраваць кааліцыю, для таго, каб застацца ва ўладзе. «Гэтая перамога была часткова проста падорана ХДС», – з такой крытыкай выступае мясцовы партал Index.

«Нельга забывацца на адну рэч: Харвацкая дэмакратычная садружнасць перамагла не таму, што гэта добрая партыя, а таму, што апазіцыя збольшага нікуды не падыходзіць. Яна прамяняла працу з насельніцтвам на месцах на грымасы ў сацсетках, пагоню за сэрцайкамі ў Instagram і лайкамі ў Facebook. Замест распрацоўкі альтэрнатыўных заканадаўчых прапаноў апазіцыі хапіла толькі на каментары ў Х, а замест стварэння ценявага кабінета з удзелам экспертаў, мы назіралі толькі пасрэднасцяў, якія распавядаюць танныя анекдоты. Акрамя таго, на працягу апошніх 15 гадоў мы бачым у гэтай апазіцыі фактычна адны і тыя ж асобы – нуда смяротная. Лідэр апазіцыі Педжа Грбін павінен сысці ў адстаўку, прычым ужо заўтра», – заклікае харвацкае выданне.

Якім стане адказ Ізраіля на масіраваную атаку з боку Ірана? Прэзідэнт ЗША Байдэн заклікаў Ізраіль не рэагаваць. Іран паспяшаўся паведаміць, што ў выпадку ўдару ў адказ ён нанясе ўдар у дзесяць разоў больш магутны. Ізраіль, у сваю чаргу, заявіў, што адказ рушыць услед, але не стаў удакладняць, як і калі менавіта. Мадрыдская El País раіць спыніць вайну і заняцца ўмацаваннем альянсаў.

«Для таго каб гэтак паспяхова адбіць іранскую атаку з паветра, Ізраілю запатрабавалася шырокая кааліцыя з ЗША, Францыяй і Вялікабрытаніяй, а таксама таемны ўдзел Іарданіі, Саудаўскай Аравіі і Эміратаў. Нішто б зараз не ўмацавала гэты ансамбль так моцна, як канчатак вайны і аднаўленне мірнага працэсу. Стабільны араба-атлантычны альянс стаў бы больш эфектыўным стрымліваючым фактарам, чым любы ваенны адказ Ізраіля Ірану; такі альянс стаў бы і самай надзейнай падстрахоўкай ад вайны ў рэгіёне. Гэта было б стрымліваннем без эскалацыі. Выйсце маецца нават пры самых горшых абставінах – трэба толькі яго знайсці і ім скарыстацца», – піша гішпанскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: wikimedia.org