Пекла Анджэя Пачобута. Як прымусіць Лукашэнку вызваліць героя? Атака з боку Ірана: у чаканні на рэакцыю Ізраіля. Мільярдная дапамога Судану. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«16 красавіка Анджэй Пачобут зноў сустракае дзень народзінаў за кратамі. Больш за 3 гады Анджэй, адважны дзеяч польскай меншасці, сумленны журналіст і бескампрамісны змагар за праўду, свабоду і дэмакратыю, знаходзіцца ў закладніках», – піша польская газета Wyborcza.
«Пачобут адзін з тысяч (!) закладнікаў рэжыму Лукашэнкі, тысяч палітвязняў, кінутых дыктатарам за краты з пачатку падзей 2020 года. А тры гады для палітвязня ў Беларусі – гэта не толькі турма. Гэта тры гады знаходжання ў нечалавечых умовах, пад пастаянным ціскам. Гэта тры гады здзекаў, катаванняў, пазбаўлення сувязі з навакольным светам, перадач і лекаў. Гэта тры гады пекла. Не кожны можа гэта перажыць. Ужо вядома пра 6 выпадкаў смерці палітвязняў у Беларусі. Рэжым Лукашэнкі праз катаванні і неаказанне неабходнай медыцынскай дапамогі ўжо прывёў да смерці і нават забіў Вітольда Ашурка, Алеся Пушкіна, Мікалая Клімовіча, Ігара Ледніка і Вадзіма Храсько. 10 красавіка стала вядома пра смерць Аляксандра Кулініча. Многія палітвязні знаходзяцца ў ізалятарах, і мы нічога не ведаем пра стан іх здароўя. Мы нават не ўпэўнены, што яны жывыя. Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак, Марыя Калеснікава і многія іншыя. Мы нічога не ведаем пра іх стан. З моманту пераводу ў папраўчую калонію № 1 горада Наваполацку — адну з самых жорсткіх калоніяў Беларусі — ад Анджэя Пачобута практычна не было вестак. Ён цалкам ізаляваны ад свету. Анджэй Пачобут – моцны чалавек, сімвал барацьбы за дэмакратыю і наш агульны беларуска-польскі герой. Усе, хто яго ведае, упэўнены, што ён не апускае рук і трымаецца сваіх прынцыпаў. Андрэй некалькі разоў адмаўляўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.
І нягледзячы на ўсе дыпламатычныя намаганні Польшчы, розныя рэзалюцыі міжнародных арганізацыяў, нягледзячы на закрыццё шэрагу памежных пераходаў з патрабаваннем вызваліць Пачобута і іншых палітвязняў, помслівы Лукашэнка гэтага не робіць», – канстатуе польскае выданне.
***
Пасля таго як Ізраілю і яго саюзнікам удалося адбіць масіраваны напад з боку Ірана, які запусціў па тэрыторыі Ізраіля звыш 300 дронаў і ракет, ваенны кабінет краіны правёў нараду па пытанні магчымага адказу агрэсару, аднак ніякіх паведамленняў аб прынятым рашэнні не паступала. Начальнік Генеральнага штаба Арміі абароны Ізраіля Херцы Ха-Леві заявіў, што адказ будзе, але не стаў канкрэтызаваць магчымы час, маштаб і спосаб зваротнага ўдару. Прэзідэнт ЗША Байдэн заклікаў Ізраіль не рэагаваць на атаку. Парыжская газета Le Figaro таксама назірае за сітуацыяй.
«Урад Біньяміна Нетаньяху мог бы задаволіцца бліскучай ваеннай і дыпламатычнай перамогай: на дапамогу яму прыйшоў не толькі Вашынгтон, але і Лондан, Парыж і нават Аман. Аднак застаюцца факт прамога нападу, заяўленая пазіцыя Ірана як непрымірымага ворага Ізраілю – і сама непазбыўнасць гэтай пагрозы, успрыманай як экзістэнцыйная. Ва ўсім гэтым Ізраіль можа ўбачыць нагоду і легітымнасць, якая ўзмацнілася для таго, каб у сваю чаргу нанесці ўдар па іранскай тэрыторыі – перш за ўсё па аб’ектах яго ядзернай ваеннай праграмы. Ці змяніліся суадносіны рызык і пераваг у гэтым кірунку да такой ступені, што зараз Нетаньяху паддасца гэтай даўняй спакусе?», – піша французскае выданне.
***
Па выніках канферэнцыі па пытанні дапамогі Судану, якая прайшла ў Парыжы, краіны-ўдзельніцы прынялі рашэнне выдзеліць краіне фінансавую падтрымку, памер якой складзе больш за два мільярды еўра. На працягу апошняга года Судан аказаўся арэнай баявых дзеянняў паміж урадавымі войскамі і баевікамі ваенізаванай групоўкі Сілы хуткага рэагавання (RSF). Мільёны людзей у краіне галадаюць, многія былі вымушаны пакінуць сваё жыллё і стаць бежанцамі. Як адзначае Frankfurter Allgemeine Zeitung, асаблівых надзей тут ніхто не мае, і перш за ўсё ў тым, што тычыцца магчымасці палітычнага вырашэння канфлікту.
«У Судане свае інтарэсы пераследуюць самыя розныя дзяржавы – як размешчаныя па суседстве, так і з самага далёкага круга. Часам яны рухомыя сыравіннымі і гандлёвымі інтарэсамі, а часам і даўнім суперніцтвам. А расплачваюцца за ўсё гэта суданцы, і хутка наступствы пачнуць адчувацца і ў Еўропе – у выглядзе міграцыйных плыняў. У гэтай заблытанай сітуацыі Еўропа павінна знайсці спосаб нейкім чынам паўплываць на самаўпэўненыя дзяржавы сярэдняй рукі, такія як Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, якія неадступна пераследуюць свае інтарэсы ў Судане і пры гэтым карыстаюцца тым фактам, што Захад у іх мае патрэбу. Адным словам, будзе няпроста», – падкрэслівае нямецкае выданне.
***
У ЗША пачаўся судовы працэс супраць экс-прэзідэнта краіны Дональда Трампа. Ён стаў першым экс-прэзідэнтам ЗША, які стаў перад крымінальным судом. Трамп абвінавачваецца ў фальсіфікацыі дзелавой дакументацыі з мэтай утойвання выплаты грашовых сродкаў порнаактрысе Стормі Дэніэлс, з тым каб яна змоўчала аб іх сувязі. Трамп апратэставаў прызначэнне суддзі Хуана Мерчана, усумніўшыся ў яго непрадузятасці, аднак яго хадайніцтва было адхілена. «І тут экс-прэзідэнт не ўпусціць выпадку распусціць свой паўлінавы хвост», – гіранізуе жэнеўская газета Le Temps.
«Улада, сэкс, здрада, тэатральныя павароты сюжэту: у гэтым працэсе прысутнічаюць усе інгрэдыенты стандартнай амерыканскай драмы. Яе педагагічная каштоўнасць будзе вельмі абмежаванай. Усе і так ведаюць, што Дональд Трамп – не ўзор дабрадзейнасці, а заўзяты хлус. Да варажбіткі не хадзі: падсудны будзе старанна, не сквапячыся на фарбы, разыгрываць з сябе ахвяру жорсткай судовай сістэмы – ён ужо не раз і вельмі паспяхова ладзіў падобныя штукарствы ў сваіх палітычных мэтах. Нью-Ёрк, які горача ненавідзіць свайго «анфан тэрыбль», падае яму для гэтага першакласную арэну, і гэта за паўгода з невялікім да прэзідэнцкіх выбараў!», – наракае швейцарскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя