BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: У чаканні ўсяго

Расейскае падраздзяленне «Граніт» падрыхтаванае да дыверсіяў пры дапамозе экспертаў «Групы Вагнера». Якое рашэнне прыме Ізраіль? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Група Вагнера кантралюе падрыхтоўку, нягледзячы на невялікую колькасць баевікоў, дыслакаваных у Беларусі», – піша міжнароднае выданне Defence.

«У Беларусі завяршыўся восьмы этап падрыхтоўкі наймітаў, якія адпраўляюцца на вайну. Як паведамляюць беларускія падпольшчыкі, тут праходзіла інтэнсіўнае баявое зладжванне элітнага злучэння «Граніт». Навучанне праходзіла пад кіраўніцтвам інструктараў з групы Вагнера, якія схаваліся ў саюзніка Расеі. Гэтыя нядаўна падрыхтаваныя падраздзяленні будуць спецыялізавацца на выкананні дыверсійных задач ва Украіне. Аператыўнікі групы Вагнера валодаюць вопытам у галіне тэхнікі, агнястрэльнай зброі і тактычных медыцынскіх навыкаў. Асноўным узбраеннем гэтых падраздзяленняў з’яўляюцца пераносныя супрацьтанкавыя гранатамёты, аўтаматычныя гранатамёты і кулямёты Калашнікава. У пачатку лютага Міністэрства абароны Вялікабрытаніі заявіла, што цяпер у Беларусі знаходзіцца менш за тысячу баевікоў. Гэтая сітуацыя, хоць і выгадная Крамлю, стварае выклікі для Украіны. Мяркуецца, што незадаволенасць інструктараў групы Вагнера практыкай аплаты працы ў Беларусі падштурхнула многіх падумаць аб ад’ездзе ў Афрыку ў пошуках больш высокага заробку замест таго, каб заставацца ў Беларусі на працяглы перыяд», – паведамляе брытанскае выданне.

***

Якім стане адказ Ізраіля на масіраваную атаку з боку Ірана? Нагадаем: у ноч на 14 красавіка па тэрыторыі Ізраіля было запушчана звыш 300 дронаў і ракет, амаль усе з іх удалося збіць. Прэзідэнт ЗША Байдэн заклікаў Ізраіль не рэагаваць на атаку. Іран паспяшаўся паведаміць, што ў выпадку ўдару ў адказ ён нанясе ўдар у дзесяць разоў больш магутны. Ізраіль, у сваю чаргу, заявіў, што адказ рушыць услед, але не стаў удакладняць, як і калі менавіта. Заграбская газета Jutarnji list дзеліцца сваім бачаннем таго, як мог бы дзейнічаць Ізраіль.

«Іранскія ядзерныя ўстаноўкі добра абаронены і размешчаны ў глыбіні горнага масіву ў Нетэнзе. Няўдалая ў адказ атака Ізраіля прывяла б да адстаўкі Нетаньяху і міністра абароны Галанта. Другі варыянт – атака на іранскае ваеннае кіраўніцтва, войска або асобныя ўчасткі на тэрыторыі Ірана або за яго межамі, што тоіць у сабе менш рызык, але і выкліча меншы рэзананс у ізраільскага насельніцтва. Трэці варыянт – узмацненне нападаў на Хезбалу і іншых іранскіх проксі ў Сірыі і Іраку або кібератака на Іран. Чацвёрты варыянт – удар па хусітах у Емене, які падтрымалі б Злучаныя Штаты, нягледзячы на свае заявы аб тым, што яны не будуць удзельнічаць у зваротных дзеяннях Ізраіля», – адзначае харвацкае выданне.

***

На фоне ўдару Ірана па Ізраілі фактычна прайшла незаўважаная цікавая калонка пра вайну ва Украіне ў The Economist, якую напісаў кітайскі эксперт Фен Юджун (Feng Yujun). Прафесар Фен узначальвае Цэнтр Расейскіх і Цэнтральнаазіяцкіх даследаванняў у Фуданьскім універсітэце. Артыкул Фена, якога добра ведаюць у Расеі, наўрад ці прыйдзецца даспадобы яго расейскім калегам.

«Аўтар называе паразу Расеі ва Украіне «непазбежнай» і адзначае чатыры фактары, якімі да яго ў выніку рана ці позна прывядуць: 1) Выключны маштаб супраціву і нацыянальнага адзінства украінцаў; 2) Міжнародная падтрымка Украіны, якая хоць і не адказвае чаканням Кіева, але носіць па-ранейшаму шырокі характар; 3) Сучасны характар вайны, якую Расея па-ранейшаму не ў стане весці з-за наступстваў дэіндустрыялізацыі пасля развалу СССР; 4) Інфармацыйны кокан, у якім працягваюць заставацца Пуцін і ягоныя паплечнікі. Менавіта ён прыводзіць да памылак расейскага кіраўніцтва. Выснова аўтара: Расея вымушана будзе пакінуць занятыя тэрыторыі, у тым ліку і Крым. Ядзерная зброя яе не выратуе: як яна не выратавала ЗША ў В’етнаме ці СССР у Аўганістане», – піша амерыканскае выданне, і падкрэслівае, што Пекіну патрэбна слабая і згодлівая Расея, якую ён з часам разлічвае цалкам падпарадкаваць сваім інтарэсам.

***

У ноч на аўторак у Капенгагене адбыўся пажар у будынку Старой фондавай біржы. Агонь амаль поўнасцю знішчыў гістарычную пабудову XVII стагоддзя – адну з самых галоўных славутасцей дацкай сталіцы. Міністр абароны Даніі Троэльс Лунд Поульсен у сваім акаўнце ў сетцы X напісаў, што для Даніі гэтая трагедыя – «наш Нотр-Дам». Артыкулы ў дацкай прэсе адлюстроўваюць увесь шок ад таго, што адбылося. Капенгагенская Berlingske зыходзіць з таго, што будынак будзе адноўлены – гэтак жа, як і парыжскі Нотр-Дам.

«Рэстаўрацыя біржы і яе вежы – гэта нацыянальная задача. Мэта павінна заключацца ў тым, каб аднавіць шпіль у форме пераплеценых хвастоў чатырох драконаў як мага бліжэй да арыгіналу. Нам давядзецца сабраць самых таленавітых архітэктараў краіны, якім трэба будзе прыняць нялёгкае рашэнне аб тым, якім чынам можна будзе адрэстаўраваць інтэр’ер біржы, якому налічвалася ні многа ні мала 400 гадоў. Сёння мы аплакваем будынак Старой біржы эпохі караля Крысціяна IV. Але ўжо заўтра прэм’ер-міністр Метэ Фрэдэрыксен і Дацкая гандлёвая палата пачнуць яго рэканструкцыю!», – піша дацкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя