BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: З правам цяжкога выбару

Польскі бізнэс патрабуе адкрыць памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю. Выбары ў Еўрапарламент: што стаіць на коне? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Польскае аб’яднанне прадпрымальнікаў Zjednoczony Wschód («Аб’яднаны Усход») звярнулася да прадстаўнікоў Сейма з патрабаваннем адкрыць памежныя пераходы (перш за ўсё «Баброўнікі») на мяжы з Беларуссю. «А калі гэта не будзе зроблена — увесці праграму падтрымкі прыгранічнага бізнэсу, які панёс страты з-за закрытай мяжы», – сочыць за сітуацыяй польская Gazeta Wyborcza.

«Zjednoczony Wschód патрабуе стварыць дарожную карту адкрыцця пераходаў з пазначэннем умоў і тэрмінаў рэалізацыі гэтай прапановы. Таксама аб’яднанне настойвае на працягванні выплат кампенсацый малым і мікрабізнэсам, якія працуюць у раёне Беластока, дзе цяпер закрытыя памежныя пераходы. Тэрмін дзеяння папярэдняй праграмы фінансавай дапамогі скончыўся ў лютым 2024 года. Паводле звестак прадпрымальнікаў, турысты, якія прыязджаюць з Беларусі, штогод пакідалі ў Польшчы 124 млн еўра. У такую суму ацэньваюцца страты рэгіянальнага бізнэсу. Падляшскае ваяводства анансавала выдзяленне дадатковых сродкаў на кампенсацыі прадпрымальнікам. Гаворка ідзе пра 5 млн злотых. Але пра адкрыццё мяжы нічога не паведамляецца. Рух праз польскі пераход «Кузніца» (з беларускага боку «Брузгі») быў прыпынены на нявызначаны тэрмін 9 лістапада 2021 года, а праз «Баброўнікі» (з беларускага боку «Бераставіца») — 10 лютага 2023 года», – передае польскае выданне.

У распараджэнне берлінскага выдання Die Welt патрапіў праект пагаднення паміж Расеяй і Украінай, які быў выпрацаваны ў 2022 годзе ў Стамбуле. Пасля правалу бліцкрыгу «Кіеў за тры дні» РФ паспрабавала захаваць твар, пакінуць пад сваім кантролем Крым і частку Данбаса. Нейтральны статус Украіны і скарачэнне яе ўзброеных сілаў адкрывалі перад Масквой у будучыні перспектывы лёгкага паглынання ўсёй дзяржавы (ад гэтых планаў Пуцін, як мы бачым, не адмовіўся і не адмовіцца).

«У сувязі з публікацыяй асаблівае значэнне мае пытанне краін-гарантаў. Размова ідзе аб Вялікабрытаніі, КНР, РФ, ЗША, Францыі, а таксама (магчыма) Беларусі і Турцыі. Кітай (не кажучы ўжо пра Беларусь) гуляе на баку Расеі. Турцыю не назавеш надзейным саюзнікам. Застаюцца заходнія краіны. Але ці збіраліся Вашынгтон, Лондан і Парыж даваць якія-небудзь гарантыі і, пры неабходнасці, уступіць у вайну з Расеяй? Вялікабрытанія гэта рабіць не планавала. Францыя і ЗША, якія і сёння халаднавата ацэньваюць перспектывы Украіны ў НАТА, наўрад ці пайшлі б на гэты крок. «Стамбул-1» не меў такім чынам ніякіх шанцаў на рэалізацыю і не мог прынесці мір. За апошнія дзесяць гадоў стала зразумела, што незалежная Украіна і Крэмль на чале з Пуціным суіснаваць не змогуць. Ці Украіна, ці Пуцін», – ставіць перад выбарам нямецкае выданне.

З 6 па 9 чэрвеня грамадзяне краін Еўразвязу будуць выбіраць новы Еўрапарламент. Як паведамляецца ў афіцыйнай інфармацыі аб выбарах, гэтая «адзіная ў свеце транснацыянальная асамблея, якая выбіраецца прамым галасаваннем», будзе прымаць законы, якія закранаюць «амаль усе сферы жыцця» ў ЕЗ. Талінская газета Postimees выступіла ініцыятарам перадвыбарных дэбатаў па ўсёй Эстоніі і абгрунтоўвае іх неабходнасць наступным чынам.

«Падчас выбарчай кампаніі перад выбарамі ў Еўрапарламент варта пазбягаць унутрыпалітычных пытанняў, якія не ўваходзяць у кампетэнцыю ЕЗ, нават калі зразумела, што гэтыя выбары, па сутнасці, стануць пытаннем пра вотум даверу ўраду. Важна не выпускаць з-пад увагі вялікія мэты: бяспека і эканамічныя інтарэсы Эстоніі. Дэбаты, якія праводзяцца нашай газетай, пакажуць, ці валодаюць кандыдаты кампетэнтнасцю ў агульнаеўрапейскіх пытаннях і харызмай, неабходнымі для таго, каб разумна і эфектыўна прадстаўляць свае погляды. Калі яны не змогуць бліскуча аргументаваць на гэтым узроўні, то мала надзеі на тое, што гэта ў іх атрымаецца ў Брусэлі ці Страсбургу. Еўропе патрэбны буйныя лідары – і перш за ўсё з малых краін», – піша эстонскае выданне.

Пасля некалькіх выпадкаў жорсткага гвалту прэм’ер-міністр Францыі Габрыэль Аталь аб’явіў аб новым плане дзеянняў па барацьбе з маладзёжнай злачыннасцю. Аталь заклікае да “ўзмацнення аўтарытэту правапарадку”. Паводле яго слоў, неабходна, з аднаго боку, узмацніць жорсткасць і паскорыць прымяненне мер пакарання, а з другога – узмацніць прафілактыку і работу з сем’ямі. Так, бацькоў, якія не надаюць дастатковай увагі сваім дзецям, плануецца падвяргаць пэўным санкцыям. Мадрыдская El País крытыкуе заявы Габрыэля Аталя, бачачы ў іх, хутчэй, неразумную спробу збліжэння з пазіцыямі папулістаў.

«Габрыэль Аталь у адной са сваіх прамоў aб’явіў аб увядзенні новых, больш суровых мер крымінальнага пераследу ў дачыненні да падлеткаў і моладзі за ажыццяўленне гвалтоўных дзеянняў. Разам з неабходнасцю «аднавіць аўтарытэт дзяржавы», ён нагадаў аб такіх ідэалах Рэспублікі, як павага і грамадзянская адказнасць. Аднак адных грамадзянскіх прынцыпаў для інтэграцыі відавочна недастаткова. Нас згуртоўваюць такія рэчы, як салідарнасць, імкненне ліквідаваць сацыяльны няшчасце і дыскрымінацыю. Мы павінны як след задумацца, а не здавольвацца абстрактнымі тлумачэннямі ці псеўдарашэннямі, якія нам ахвотна падсоўваюць нацыянал-папулісты», – нагадвае гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

Фота: europarl.europa.eu