BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Непасрэдны эфект

  • Прэзідэнт Дуда заявіў, што Польшча «гатовая» прыняць ядзерную зброю NATO
  • Дапамога Украіне: пералом у Вашынгтоне
  • Еўрапарламенцкія далягляды Еўракамісіі

«Польшча гатовая размясціць у сябе ядзерную зброю, калі НАТА вырашыць размясціць зброю супраць узмацнення ўзбраення Расеі ў Беларусі і Калінінградзе», – цытуе прэзідэнта Анджэя Дуду амерыканскае выданне Сbsnews.

«Польшча, якая з’яўляецца членам НАТА і заўзята падтрымлівае Украіну, мяжуе як з калінінградскім эксклавам Расеі, так і з Беларуссю, саюзнікам Масквы. Масква ў адказ папярэдзіла, што прыме меры для «забеспячэння сваёй бяспекі», калі Варшава атрымае зброю. Дуда выступіў перад польскімі СМІ пасля візіту ў Нью-Ёрк, дзе ён правёў сустрэчы ў ААН і абмеркаваў вайну ва Украіне з былым прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. У сакавіку ён наведаў Вашынгтон, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Байдэнам. Дыскусіі пра супрацу ў ядзернай галіне паміж Польшчай і ЗША працягваюцца «некаторы час». «Расея ўсё больш мілітарызуе Калінінград. Апошнім часам яна перакідвае ядзерную зброю ў Беларусь», – дадаў Дуда. У чэрвені 2023 года Пуцін пацвердзіў, што Расея адправіла тактычную ядзерную зброю ў Беларусь, якая мяжуе з Украінай і Польшчай. Падчас апошняга саміту НАТО ў Вільні саюзнікі паабяцалі «прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння даверу, эфектыўнасці, бяспекі і місіі ядзернага стрымлівання», – падкрэслівае амерыканскае выданне.


Пасля шматмесячных пярэчанняў Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША прыняла пакет законаў, які прадугледжвае выдзяленне Украіне дапамогі ў памеры 61 мільярда даляраў. На карысць гэтага пакета мераў прагаласавала і мноства дэпутатаў ад Рэспубліканскай партыі. Каля дзевяці мільярдаў плануецца выдзеліць у якасці крэдыту, а 23 мільярды пойдуць на папаўненне ваенных запасаў саміх ЗША. У аўторак галасаванне па пакеце мер адбудзецца ў Сенаце. «Гэта лепшыя навіны для Украіны за апошні год», – такую выснову робіць лонданская The Economist.

«Прыняцце гэтага рашэння акажа практычна непасрэдны ўплыў на становішча Украіны, паколькі дазволіць прадухіліць сурʼёзныя адступленні на фронце ў бліжэйшы час, а таксама падарве такую непахісную ўпэўненасць Расеі ў тым, што яе ваенная эканоміка зʼяўляецца нязломнай. Амерыка мае намер у цэлым выдзеліць Украіне 61 мільярд даляраў. Большая частка гэтых сродкаў паступіць у выглядзе ўзбраенняў за кошт папаўнення амерыканскага ваеннага арсенала, што дасць магчымасць вызваліць запасы, а таксама за кошт вытворчасці амерыканскімі ваеннымі канцэрнамі новых узбраенняў і боепрыпасаў. Найважнейшым прыярытэтам стануць снарады. Маецца надзея на тое, што гэтага павінна хапіць для прадухілення маштабнага расейскага наступу», – прагназуе брытанскае выданне.


Чэрвеньскія выбары ў Еўрапарламент вызначаць не толькі яго будучы склад, але і размеркаванне пастоў у Еўракамісіі. Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў павінны будуць знайсці агульнае рашэнне, а Еўрапарламент – адобрыць яго. На думку еўрапейскай прэсы, няма ніякіх падставаў меркаваць, што Уршуля фон дэр Ляйен абавязкова застанецца на пасадзе старшыні Еўракамісіі. Яе кандыдатуру цалкам могуць і не зацвердзіць, нават калі Еўрапейская народная партыя, членам якой яна зʼяўляецца, застанецца наймацнейшай фракцыяй. «Былы кіраўнік ЕЦБ цалкам падыходзіць у старшыні Еўракамісіі», – лічыць венская газета Die Presse.

«У гэтыя дні ў Брусэлі зноў разгараецца «драгіманія». Прычынай гэтага сталі прамашкі Уршулі фон дэр Ляйен, дзейнай старшыні і кандыдата ад Еўрапейскай народнай партыі. Усё гучней гучаць галасы тых, хто паўтарае, што фон дэр Ляйен, маўляў, не валодае ні неабходнай большасцю ў парламенце, ні падтрымкай Еўрапейскай рады. Драгі, несумненна, быў бы адным з найбольш кваліфікаваных кандыдатаў на крэсла кіраўніка штаб-кватэры Еўракамісіі ў брусельскім Берлемоне», – піша аўстрыйскае выданне.


Паўаўтаномны малдаўскі рэгіён Гагаузія шукае збліжэння з Расеяй. Губернатар рэгіёну Яўгенія Гуцул ад прарасейскай партыі Шор заявіла пра тое, што Гагаузія далучыцца да расейскай плацежнай сістэмы Мір, а таксама пра тое, што Масква адобрыла імпарт гагаузскай сельскагаспадарчай прадукцыі і паабяцала скідкі на газ. «Становішча сурʼёзнае», – трывожыцца Румынская служба радыёстанцыі Deutsche Welle.

«У цяперашні перадвыбарчы год гагаузскі сепаратызм, які падсілкоўваецца Расеяй, уяўляе сабой рэальную пагрозу для Рэспублікі Малдова. Частковая аўтаномія Гагаузіі дае Маскве магчымасць разыграць «дэмакратычную карту», падбухторваючы жыхароў рэгіёна да сепаратызму і ігнаравання цэнтральнай улады. Так, партыя Шор арганізавала пратэсты падчас апошняга візіту прэзідэнта Маі Санду ў рэгіён. Такія «баявыя атрады» могуць быць мабілізаваны па камандзе ў любы час. Рэспубліка Малдова ніколі па-сапраўднаму не клапацілася пра інтэграцыю рэгіёну, замест гэтага дазваляючы яму «варыцца ва ўласным соку». Яна дала прарасейскім агентам свабоду дзеянняў. А цяпер насенне сепаратызму пачынае прыносіць плён», – адзначае румынскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя