22 сакавіка – дзень пазбаўлення жыцця Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў. Маленькі сын маёй знаёмай палітычнай бежанкі з Беларусі ў Вільню спытаўся ў мамы: «Чаму наш беларускі Кастусь Каліноўскі жыў у Літве?» За публічны адказ на гэтае пытанне ў сучаснай Літве ў вас могуць узнікнуць сур’ёзныя праблемы.

Шмат беларусаў прынцыпова змагаюцца, каб за мяжой нашу краіну клікалі Беларусь/Belarus. У Літве ўсё наадварот, там настойваюць, што аўтэнтычнай назвай Lietuva можна карыстацца толькі ў летувісцкай мове. Справа ў тым, што лацінскае Lithuania і летувісцкая Lietiva не маюць між сабой аніякай наўпроставай сувязі.
Lithuania заходнія еўрапейцы ўзялі з непасрэднага кантакту са славянамоўнымі насельнікамі сучасных паўночна-заходняй Беларусі і Віленшчыны, з іх назвы свайго краю – Літва.
Якое ў сваю чаргу безумоўна мае балцкае паходжанне, але такое старажытнае, што ніхто ўжо дакладна не скажа, што яно азначала.
І вось гэтая барацьба сучасных літоўскіх, дакладней – летувісцкіх, нацыянальных ідэолагаў за слова Lithuania для заходніх замежнікаў, – гэта барацьба за свой нацыянальны міф. Міф, які быў патрэбны, каб невялікая па насельніцтве сельскагаспадарчая нацыя выжыла паміж імперыяў, якія валодалі сучаснымі тэхналогіямі і аграмаднымі капіталамі.
Рэспект і павага летувісцкім крэатарам – яны і праўда выратавалі сваю нацыю – спачатку ад апалячвання, а пасля ад русіфікацыі.
І здавалася б, яны цудоўна мусяць разумець беларусаў, якія апынуліся яшчэ ў больш складанай сітуацыі: і па русіфікацыі, і па ўнутранай акупацыі на карысць знешняга ворага.
Але не – літоўскія ідэалагічныя абаронцы айчыны вырашылі, што дзяўбсці беларусаў значна прасцей, чым следаваць дыпламатыі і шукаць ідэйных саюзнікаў.
На пытанне сына маёй знаёмай пра тое, што Каліноўскі беларус, але жыў у Літве, я адказаў так: «Таму што словам «Літва» называлася палова сучаснай Летувы і большая частка сучаснай Беларусі». Вось за такую трактоўку вас у Летуве могуць зрабіць агрэсарам-імперыялістам на службе… не паверце – Крамля!
Перакуленая гістарычная рэальнасць, дзе продкі літоўцаў захапілі землі ад мора да мора, тая фантазійная версія гісторыі, якая дапамагала этнасу выжыць, сучасных летувісаў ставіць у тупік.
Бо баронячы сваё, частка летувісцкага грамадства гатовая не проста цкаваць суседні і карэнны для Віленшчыны этнас, яны гатовыя цкаваць гнаную ў сябе на радзіме супольнасць. Гнаную ворагамі Летувы.
Такое замкнёнае кола, якое давядзецца разрываць.
Ці вылятаць з шэрагу краін дэмакратыі.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя