Усё ніжэй сказанае – гэта версія. Бо ўсё, што звязанае з вайной, натуральна засакрэчанае. Перамога Украіны важная для ўсіх, і ў Еўропе, і ў Амерыцы і ў Азіі, бо як мінімум захавае баланс сілаў. Але, як той казаў, для некаторых важнейшая.
«У Польшчы менш за 4% насельніцтва могуць разлічваць на месцы ў бамбасховішчах, грамадзянскай абароны не існуе, а грамадзяне не ведаюць, дзе ім шукаць бяспечнае сховішча ў выпадку пагрозаў». Гэта цытата з даследвання Najwуższej Izby Kontrolu, што перакласці можна як Найвышэйшая палата кантролю.
Гэта незалежная арганізацыя, якая існуе за грамадскія грошы.
А вось таксама свежая інфармацыя ад польскіх вайсковых уладаў – што краіна гатовая вельмі хутка прыняць 300 000 жаўнераў NATO.
Адначасова ў Беларусі ладзяцца чарговыя маршы тэхнікі, звязаныя як бы з праверкай боегатовасці. Насамрэч, яшчэ перад пачаткам поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Расеі, шэраг аналітыкаў тлумачылі бясконцыя праверкі ў беларускім войску падрыхтоўкай плацдарму для расейскіх войскаў.
Часцяком сярод палітычных аглядальнікаў мільгае думка, маўляў, беларускае войска не пайшло ва Украіну, таму што Лукашэнка выкруціўся. Бо без войска ён з непрыкрытым азадкам. Таму і гандлюецца з Пуціным, маўляў, вы там ваюйце, а мы тут вас ад NATO прыкрываем.
Мне бліжэй іншае меркаванне: Пуцін даўно рыхтуе Беларусь як плацдарм калі не для поўнамаштабнай вайны з NATO, то як мінімум для сур’ёзных правакацый, у тым ліку з абстрэлам ракетамі.
Логіка простая. Ядзернай вайны не будзе, але можа быць баязлівасць палітычнага кіраўніцтва краінаў NATO. Тады можна проста адціскаць вёскі ды мястэчкі як з Крымам і Данбасам. Тым больш, што ў прымежных з Беларуссю раёнах хапае масквапаклоннікаў.
У названай сітуацыі новымі фарбамі зайграў імідж прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, які два гады таму рабіў Пуціну ледзь не па сто тэлефанаванняў на дзень, каб задобрыць, а нядаўна заявіў, што войскі NATO могуць быць скіраванымі ва Украіну.
Такім чынам, мая версія чаму Захад не дае Украіне снарады наступная. Захад беражэ сілы для сябе.
Таксама магчыма Захад чакае пакуль Расея паболей затупіць свае іклы, грызучы ўкраінскае войска.
Што да Варшавы, зноў жа магчыма, пакуль не хочуць сеяць паніку сярод людзей.
Усё гэта версіі, якія базуюцца на навінах. Але ж у людзей іншых крыніц інфармацыі няма. І мой знаёмы супрацоўнік адной заходняй амбасады сказаў, што турысты з Брытаніі, ЗША і Канады разглядаюць Польшчу як прыфрантавую краіну.
Гукавы файл:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: © Сяргей Нужненка / Радыё Свабода