BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хто стаміўся, ці як не дзяліць 50 на 50

Украінскія СМІ шмат пішуць і яшчэ больш здымаюць сюжэтаў пра расейскіх ваеннапалонных: пра щмовы іх утрымання ў лагеры; пра магчымасць працаваць і атрымліваць за гэта пэўную ўзнагароду; пра тое, што яны не падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню ні з боку адміністрацыі лагера, ні з боку трэціх асоб; пра магчымасць кантактаваць са сваімі блізкімі.

Фота: unn.ua

Проста Украіна, як цывілізаваная дзяржава, прытрымліваецца стандартаў і патрабаванняў міжнароднага гуманітарнага права. І гэта ў нейкай меры робіць уплыў на расейскіх ваеннапалонных. Ёсць прыклады з інтэрв’ю ўкраінцаў, якія траплялі ў палон да расейцаў, і адзначалі, што ў некаторых выпадках да іх было пазітыўнае стаўленне. То бок, іх абаранялі ад жорсткага абыходжання тыя расейскія вайскоўцы, якія самі выйшлі з украінскага палону, дзе да іх нармальна ставіліся. Таму яны імкнуліся трансляваць такое стаўленне на ўкраінскіх ваеннапалонных. На жаль, выпадкі адзінкавыя.

На днях да ўкраінскіх вайскоўцаў у палон патрапіў расеец, у тэлефоне якога была выяўлена цынічная, страшная па сваёй бесчалавечнасці «інструкцыя». Што на вайне павінен зрабіць кожны расейскі салдат, а інакш – навошта наогул туды хадзіць: скаштаваць чалавечае мяса; паздзекавацца над ваеннапалонным так, каб той плакаў і маліў аб літасці, але не пашкадаваць, а павольна і страшна забіць: напрыклад, закапаць жыўцом або распілаваць бензапілой; згвалтаваць і забіць варожую дзяўчынку, лепш за ўсё ротай; набраць трафеяў з дамоў забітых украінцаў – на памяць і на шчасце; пажадана ўдзельнічаць у расстрэле ўсіх ваеннапалонных, а ў ідэале – тапіць у палонцы, калоць штыком ці спальваць цэлымі сем’ямі.

І вось з такімі думкамі гэтая біямаса заходзіць на часова акупаваныя тэрыторыі. Пра якія перамовы можа ісці гаворка? З кім? І ня трэба казаць, што ва Ўкраіне людзі дзеляцца 50/50. Што стаміліся ад вайны і таму падтрымліваюць ідэю перамоваў з Расеяй. Мабыць, падобныя “эксперты” вядуць уласную статыстыку за “чаркай і шкваркай” з неўкраінцамі. 

Не ведаеце вы, грамадзяне эксперты, і не разумееце ўкраінскага менталітэту. Інакш чаму вайна доўжыцца з 2014 года?

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя