BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Юрый Губарэвіч: Дзень Волі становіцца галоўным святам у жыцці беларусаў

Беларусы працягваюць адзначаць Дзень Волі. Пра важнасць падзеі і святкаванне ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР у розныя гады – у размове з палітыкам, лідарам Руху “За Свабоду” Юрыем Губарэвічам.

-Відавочна, што Дзень Волі, дзень абвяшчэння БНР робіцца, напэўна, галоўным святам у жыцці беларусаў. Таму што такой масавай кансалідацыі, велізарнага выбару розных ідэяў, прапановаў, мерапрыемстваў, цягам году няма. На Дзень Волі рыхтуюцца ўсе, рыхтуюцца ў розных гарадах. Сітуацыя, канешне, адрозніваецца ад таго, што было раней. Бо акцэнт рабіўся на Беларусь і на мерапрыемствы ў Менску і рэгіянальных гарадах Беларусі. Зараз гэта там у прынцыпе немагчыма. Акрамя хіба што нейкіх падпольных формаў святкавання, як хутчэй за ўсё было і ў часы Савецкага Саюза. Але ў тых гарадах, куды беларусы змаглі выехаць, а гэта па ўсёй Еўропе і можна сказаць нават па ўсім свеце, бачна, што для беларусаў гэтая дата становіцца важнай. Яны разумеюць нарэшце яе значэнне. Прычым, падключаюцца да ўдзелу ў святкаванні і тыя людзі, якія, мажліва, не задумваліся пра гэта яшчэ тры-чатыры гады таму.

РР: Ці мусіць быць у бацькоў місія, што трэба распавесці дзецям, каб ведалі, каб вучылі, каб шанавалі.

-Распавесці трэба абавязкова. Але я не прыхільнік таго, каб з нейкіх падзеяў рабіць культ, як робіць сучасны рэжым Беларусі з падзеяў ІІ Сусветнай вайны, альбо Вялікай Айчыннай, як яны яе называюць. Трэба засяроджвацца не толькі на БНР, але на шмат якіх іншых падзеях беларускай гісторыі, дзе былі і поспехі, дзе былі і паразы. Дзе дзяржава не толькі заяўляла права на існаванне, ці нацыя ў фармаце дзяржавы, але і калі былі ліквідацыі дзяржаўных утварэнняў, і чаму так адбывалася, хто быў знешнім ворагам. Гэта ўсё трэба вывучаць, каб рабіць адпаведныя высновы і разумець падзеі сённяшняга дня.

Сёлета святкаванне Дня Волі ладзіцца ў розных гарадах і краінах, сярод іх – Варшава, Вільня, Прага, Берлін, Нью-Ёрк. Юры Губарэвіч прыняў удзел у святкванні Дня Волі ў Варшаве.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя