BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Канстытуцыя новай Беларусі

У Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь варта прыгадаць, што вырасла цэлая генерацыя беларусаў, якая не жыла пры хоць якой канстытуцыі, і гэтая генерацыя гадуе ўжо сваіх дзяцей.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынятая 15 сакавіка 1994 года. На ёй стаіць подпіс тагачаснага кіраўніка дзяржавы Мечыслава Грыба. Так-так, Лукашэнка толькі трэці законны кіраўнік дзяржавы.

Законным Лукашэнка быў да 24 лістапада 1996 года, калі зладзіў канстытуцыйны пераварот, надаўшы сабе надзвычайныя паўнамоцтвы. То бок пры маўклівай, а часам і крыклівай, згодзе вялікай часткі грамадзянаў паставіў сябе вышэй за Канстытуцыю.

Канстытуцыя – гэта найвышэйшы Закон. Гучыць велічна, троху пафасна, і досыць абстрактна для звычайнага чалавека, заклапочанага выжываннем і пошукам маленькіх радасцяў, якія дазваляюць адпачыць ад працэсу выжывання.

Лукашэнка стаўся «Законам». Людзі месяц ад месяцу павялічвалі даход і фактычна абмянялі свае правы на мінімальны дабрабыт. Такі сабе феадальны падыход да жыцця.

У прыхільнікаў Лукашэнкі выраслі дзеці, якія навучыліся жыць без феадала, і ў 2020 годзе зрушылі тую лавіну снегу, якая ператварылася ў чатырохмесяцовы марафон рэвалюцыйнага супраціву. Дзеці хацелі самастойнасці. І Закону. Без двукоссяў.

У дэмакратычна скіраваных беларусаў была і ёсць простая ў сваёй лагічнасці прапанова. Як толькі зрынаецца дыктатура, вяртаецца Канстытуцыя 15 сакавіка 1994 года.

То бок прыбіраюцца ўсе лукашэнкаўскія псеўдазаконныя акты.

Але ж з 1994 года адбылося так шмат падзеяў, што відавочна галоўны дакумент грамадзянаў мусіць быць абноўленым.

Часам чую, маўляў, навошта нам тая Каардынацыйная Рада. Я думаю, гэта як прыблізна з БНР у 1918 годзе. Тады таксама шмат хто думаў, што ладзіцца гульня. Гэта была не гульня, а стварэнне структуры.

Хто распрацуе новую канстытуцыю новай Беларусі? Ды чаму б не Каардынацыйная Рада? Вось меркаванне дырэктаркі віленскага офісу міжнароднай арганізацыі «ЕўраБеларусь» Таццяны Пашавалавай: «(Хтосьці думае), што дэмакратычныя звычкі і навыкі з’явяцца ў людзей адразу як памрэ цар. Тут альбо стагоддзямі танчыць – крок наперад, два назад, альбо трэніравацца на кошках, то бок на Каардынацыйнай Радзе».

Сёння беларусы жывуць без свайго закону, без сваёй дзяржаўнай сістэмы, без сваёй палітыкі, без сваёй свабоднай тэрыторыі.

Але мы ёсць пакуль мы мыслім. У Дзень Канстытуцыі самы час памысліць пра свой Закон як мы супольна яго бачым.

Гукавы файл:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя