BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Казань як пікет, слова «Украіна» – як забароненая сімволіка

Два разы па пятнаццаць сутак атрымаў за свае казані евангельскі пастар з Новалукомля Аляксандр Зарэцкі. Суд палічыў ягоныя выступы перад царкоўнай грамадой удзелам у пікетаванні без дазволу райвыканкаму.

Фота: vitebskspring.org

Рэжым Лукашэнкі набывае абсалютна непаўторныя формы. Даследчыкам будучыні розных сфераў беларускага жыцця будзе над чым папрацаваць.

Прывяду выказванні, якімі зацікавіўся Новалукомльскі выканкам, цытаты паводле «Радыё Свабода» у фармулёўках чыноўнікаў:

«Памолімся за тых, хто ў турмах з сфальсіфікаваных прычынаў», «Паглядзіце, як вышэйшыя чыноўнікі гавораць адно, а на вуліцах людзі бачаць іншае», «Нам загадваюць гаварыць, што ўсё добра, усё падабаецца, і часам лепш пагаджацца», «людзі на У. – здраднікі, калі прыйшлі рускія, яны ўпалі ім у ногі», «Давайце маліцца за У., прыходзьце на малітвы за У.».

Звярніце ўвагу, што чыноўнікі Украіну ў дакуменце баяцца называць, пазначаюць краіну толькі пачатковай літарай. То бок не афіцыйна, але дэ-факта, назва нашай паўднёвай суседкі для вертыкальшчыка нізавога ўзроўню – гэта ўжо «забароненая сімволіка».

Пры тым, што па Украіне ў цэлым, і па вайне ў прыватнасці ў Лукашэнкі няма ніякай канкрэтнай афіцыйнай пазіцыі. Ён усё працягвае бубнець пра «брацкасць», «блізкасць», і не ўжывае слова «вайна». 

Але калі пастар гаворыць пра здраднікаў на тэрыторыі Украіны, якія кланяюцца расейскім акупантам, відавочна, што чыноўнікі ад лукашэнкаўскай вертыкалі прымяраюць падобную фармулёўку на сябе – страхуюцца.

У названай гісторыі важна яшчэ, што стуканулі ў міліцыю «людзі гасударавы», а не ананімныя «дабразычліўцы». Прадстаўнікі ўладаў маюць права наведваць службы любой рэлігійнай арганізацыі.

Наагул гісторыяў, дзе людзі церпяць ад даносаў, не так шмат. Пакуль казаць можна хутчэй па адчуваннях ад сканавання інфармацыйнага поля. Дакладная статыстыка будзе вядомая з кардынальнай зменай улады.

І, відаць, самае галоўнае ў тым, што людзі веры, а значыць людзі прынцыпаў і паслядоўнай пазіцыі, нават пад пагрозай быць рэпрэсаванымі працягваюць казаць тое, што думаюць.

За кратамі пабывалі ці знаходзяцца цяпер святары і вернікі самых розных рэлігіяў і канфесіяў. Тут мы таксама бачым адзінства беларусаў, аб’яднаных верай у дабро, а не ў пазалоту ўлады.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя