“Ланцуг салідарнасці” зладзілі беларусы Вільні на плошчы Кудзіркі. Яны са сцягамі і плакатамі сталі поруч з аднадумцамі, каб разам падтрымаць усіх беларусаў, што церпяць ад прыгнёту дыктатуры. Акцыю падтрымалі прадстаўнікі Сейму Літвы, палітыкі, дэпутаты Еўрапарламента.
Падчас акцыі збіралі подпісы па просьбе беларускай дыяспары ў Польшчы з мэтай спыніць транзіт праз Беларусь тавараў з Кітая ў Расею, а мінакам-літоўцам уручалі так званыя пасылкі з фруктамі і тлумачылі, за што апошнім часам былі арыштаваныя людзі ў Беларусі.
Кажа адна з арганізатарак акцыі, дырэктарка валанцёрскай арганізацыі “Дапамога” Наталля Калегава:
– Польшча такая краіна, на якой завязаны ўвесь гэты транзітны чыгуначны вузел. Мы маглі б аказаць някепскі ўплыў на гэты момант. Пачынаем з петыцыі, а далей паглядзім, якім спосабам можна гаварыць пра блакіроўку шляхоў чыгуначных зносін. А другое, мы адмыслова рабілі такія пасылачкі, ты падыходзіш да літоўскага грамадзяніна і кажаш: “Вось глядзіце, вам ад мяне падарунак”. Ён кажа: “Не, дзякуй, не трэба”. Вы кажаце: Не, калі ласка, вазьміце. Вы зараз беларускі грамадзянін, а я літоўская грамадзянка, якая вам аплаціла гэтую пасылку, проста для таго, каб падтрымаць вас, вашых дзяцей, і за гэта вы атрымліваеце 15 сутак”.
Сярод літоўскіх палітыкаў, якія прыйшлі падтрымаць беларусаў быў і амбасадар, міжнародны сакратар Літоўскай сацыял-дэмакатычнай партыі Рэмігіюс Мотузас. Ён трымаў у руках партрэт Марыны Адамовіч (жонкі Мікалая Статкевіча).
– Падтрымлівае Літва, падтрымлівае ўвесь літоўскі народ, таму што мы бліжэйшыя суседзі. Нам не ўсё роўна, як жывуць суседзі, тым больш мы маем агульнае мінулае. Шкада, што мінула некалькі гадоў, але і далей працягваюцца арышты людзей, і нас вельмі занепакоіла, што была арыштаваная Марына Адамовіч.
Нагадаем, па ўсёй Беларусі з 23 студзеня прайшлі масавыя ператрусы, допыты, затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, якія нядаўна выйшлі з месцаў зняволення і заставаліся жыць у краіне. Пад пераслед трапілі больш за 160 чалавек. Супраць часткі з іх распачалі крымінальныя справы, некаторых судзілі па адміністрацыйных справах, у тым ліку і Марыну Адамовіч, якую арыштавалі на 15 сутак.
Беларускае Радыё Рацыя