BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На 32-годдзе стасункаў Менска і Варшавы Ціханоўская падзякавала Польшчы за сяброўства

У 32-ю гадавіну ўсталявання дыпламатычных стасункаў паміж Менскам і Варшавай, якая адзначаецца 2 сакавіка, беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падзякавала Польшчы за сяброўства.

“Нягледзячы на спробы менскага дыктатара разарваць нашыя сувязі, мы іх аднавілі. Цяпер мы не проста суседзі, а сябры і саюзнікі. Польшча дакладна адрознівае рэжым і наш народ. Дзякуй, Польшча!” — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

У сваю чаргу, з нагоды гадавіны ўсталявання стасункаў з Польшчай, якую ўлады Беларусі лічаць “недружалюбнай дзяржавай”, Лукашэнка не павіншаваў нават польскі народ, хаця летась ён слаў Варшаве знешне міралюбівыя сігналы.

Лукашэнка і высокапастаўленыя чыноўнікі ўвесь час абвінавачваюць у тым ліку Варшаву ў садзейнічанні апанентам рэжыму за мяжой, “падрыхтоўцы баевікоў” для звяржэння ўладаў у Менску, намеры адабраць Заходнюю Беларусь.

Летась, калі ў краіну пачалі прыбываць баевікі расейскай групоўкі “Вагнер”, Лукашэнка заявіў пра іх жаданне “схадзіць на экскурсію” ў Варшаву і Жэшуў (праз гэты горад Украіне пастаўляецца частка заходняй зброі і ваеннай тэхнікі). На фоне з’яўлення ў Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі з яго вуснаў таксама гучалі пагрозы і папярэджанні на адрас Захаду і Польшчы ў прыватнасці.

У Беларусі знішчана шмат месцаў пахавання польскіх жаўнераў, з дапамогай сілавікоў улады дамагаюцца закрыцця школ і курсаў па вывучэнні польскай мовы, ідзе кампанія па прымусе грамадзян да адмовы ад “карты паляка”.

Крыніца: позірк