Чэхія знайшла снарады для Украіны за межамі ЕЗ – зараз патрэбны грошы на іх набыццё, паведамляе УНІАН.
Польшча далучылася да ініцыятывы на чале з Чэхіяй па набыцці за межамі ЕЗ сотняў тысяч артылерыйскіх снарадаў для Украіны. Як заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, польскі ўклад з’яўляецца “значным”, піша Bloomberg.
“Так, мы далучыліся”, – сказаў Сікорскі, але адмовіўся сказаць, якую суму заплаціла Польшча.
Як адзначае Bloomberg, далучэнне да чэшскай ініцыятывы паставіць Польшчу ў адзін шэраг з Германіяй, Францыяй і Канадай у праекце, дзе Чэшская Рэспубліка выступае пасярэднікам.
Сікорскі абверг меркаванне пра тое, што ЕЗ не робіць дастатковага ўкладу для дапамогі Украіне. Апеліруючы да Вашынгтона, польскі міністр адзначыў, што Еўропа не з’яўляецца “безбілетным пасажырам” і ўжо выдаткавала на дапамогу Украіне ўдвая больш, чым ЗША.
Як пісаў УНІАН, на працягу некалькіх месяцаў Чэхія таемна шукала за межамі ЕЗ боепрыпасы для Украіны і ў рэшце рэшт змагла знайсці 500 тыс снарадаў калібра 155 мм і 300 тысяч снарадаў калібра 122 мм. Каб прафінансаваць пакупку такой значнай колькасці зброі, была створана нефармальная кааліцыя, да якой далучыліся ўжо некалькі краін Еўропы і Канада.