BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польскія органы зацікавіліся праблемай перадачы ўладам Беларусі звестак пра палітэмігрантаў

Пра гэта паведаміў 17 красавіка няўрадавы Цэнтр беларускай салідарнасці (ЦБС), які напярэдадні заявіў пра наяўнасць такіх фактаў.

Адзначана, што ЦБС “знаходзіцца ў сталым кантакце з імі”.

“Збіраем кейсы і доказы парушэнняў, каб перадаць іх польскаму боку. Гэта дапаможа пазбегнуць падобных выпадкаў у будучыні. Калі вы гатовы падзяліцца сваёй гісторыяй, напішыце нам”, — звярнулася арганізацыя да беларускіх палітэмігрантаў.

Каманда ЦБС адзначыла, што пасля ўчорашняга паведамлення да яе “звярнулася яшчэ некалькі беларусаў з падобнымі гісторыямі, што не можа не выклікаць заклапочанасці”.

Напярэдадні ЦБС выступіў з заявай, у якой адзначыў, што польскія дзяржаўныя органы перадавалі ў амбасаду Беларусі звесткі пра палітычных эмігрантаў, якія знаходзяцца ў краіне пад міжнароднай абаронай. Тады было заяўлена, што “ўцечкі не мелі сістэмнага характару” і адбыліся праз “няведанне закона асобнымі чыноўнікамі”. Арганізацыя ўдакладніла, што звесткі перадаваліся “не Упраўленнем па справах замежнікаў”.

Кіраўніца аддзела прававой дапамогі ЦБС Вольга Дабравольская адзначыла, што “прынцыповае значэнне” мае тое, што беларусы ў Польшчы “ўжо знаходзяцца ва ўразлівым становішчы праз палітычную сітуацыю” ў Беларусі.