BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра бессэнсоўны сход

Калі вам падаецца, што жыццё бессэнсоўнае і вы яго марнуеце на розныя дробныя справы, то параўнайце сябе з дэлегатамі так званага ўсебеларускага народнага схода – мерапрыемства аўтарытэтнага, але зусім не ўплывовага. Прычым аўтарытэтнага ў вачах вельмі малой групы насельніцтва – прыблізна 1200 чалавек, якіх цэнтралізавана звезлі з усіх канцоў рэспублікі невядома з якой мэтай. Усіх гэтых важных дэлегатаў разбудзілі сярод ночы, пасадзілі ў аўтобусы, нібы дзяцей, і павезлі на падзею, якая ні на што не ўплывае.

І ніхто да канца так і не разумее сэнсу такога мерапрыемства. Акрамя, хіба што, сакраментальнага «як здорава, што ўсе мы тут сёння сабраліся». УНС меў бы нейкі сэнс, каб самы галоўны чалавек, дзеля якога гэта ўсё ладзіцца, з высокай трыбуны заявіў бы, што сыходзіць. Ці ўсе 1200 чалавек ва ўнісон заявілі б яму, што, маўляў, усё, хопіць ужо. Усе іншыя варыянты – надзвычай сумная справа, якая нічога, акрамя пазяханняў у народа не выклікае. Ну, сабраліся. Ну, папалохалі кулакамі Захад. Ну, самі сябе пахвалілі за народныя дасягненні і мірнае неба. А далей што? А далей – вяртанне дамоў з непатрэбнымі сувенірамі ў выглядзе ручак з лагатыпам сходу, нататнікаў і іншай драбязы, якая праз пару тыдняў пачне масава з’яўляцца на анлайн-барахолках.

Беларускае Радыё Рацыя