Палякі ва Украіне, Расеі і Беларусі цяпер знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі. Але могуць разлічваць на нашу шырокую падтрымку – запэўнівае Робэрт Тышкевіч.
Фота: zwrot.cz
Маршалкам польскага Сенату палітык прызначаны на пасаду Каардынатара па справе Палоніі і палякаў за мяжой. Цяпер абвешчаны конкурс праектаў пад назвай “Senat – Polonia 2024”, у межах якога плануецца размеркаваць 10 мільёнаў злотых:
– У гэтай кадэнцыі грошы на Палонюю вяртаюцца да Сенату, на супрацу паланійнай дзейнасці і паланійнай арганізацыі. І гэта будзе маё галоўнае заданне – арганізацыя і правядзенне такога конкурсу. У панядзелак пані маршалак на канферэнцыі з маім удзелам паведаміла пра пачатак конкурсу.
Робэрт Тышкевіч дадае, што асабліва цяжкая цяпер сітуацыя ў палякаў за ўсходняй граніцай Польшчы, але запэўнівае, што Польшча будзе падтрымліваць іх у тым ліку гуманітарнай ды іншай дапамогай. Таксама палітык адказаў на пытанне, што на гэты момант можна зрабіць у справе вызвалення Анджэя Пачобута ды іншых палітвязняў у Беларусі:
– Польскі Сенат ні на хвіліну не будзе спыняць дзейнасць па вызваленні Анджэя Пачобута. Гэтая дзейнасць павінна палягаць на актыўнасці нашай дыпламатыі, але таксама мусіць палягаць на задзейнічанні міжнародных інстытуцый па абароне правоў чалавека і інстытуцый Еўразвяза.
Робэрт Тышкевіч дадае, што ўсю інфармацыю пра дзейнасць Каардынатара па справе Палоніі і палякаў за мяжой трэба шукаць на старонцы польскага Сената. Таксама там ёсць усе неабходныя кантакты.
Усю інфармацыю пра конкурс можна атрымаць, даслаўшы ліст на электронную пошту: [email protected] або патэлефанаваўшы па спецыяльным нумар тэлефона: 22 694 99 22.
Беларускае Радыё Рацыя