BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Навумчык: Чарнобыль зноў знаходзіцца пад заслонай злачыннай таямніцы

Сёння – 38-ая гадавіна з часу аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Наступствы той трагедыі будуць адчуваць яшчэ наступныя пакаленні. Варта памятаць і пра тое, што камуністычныя ўлады ў 1986 годзе схавалі інфармацыю пра маштаб трагедыі і паставілі пад небяспеку жыцці соцень тысяч людзей.

Фота з акаўнта ў facebook Сяргея Навумчыка

Пра гэта паразмаўлялі з “Госцем Рацыі” – палітыкам, журналістам, дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання, Сяргеем Навумчыкам. На размову запрашае Яна Запольская:

РР: Прапаную на пачатак вярнуцца ў 1986 год. Калі можна вашае асабістае, першае сутыкненне з гэтай чарнобыльскай катастрофай. Калі вы самі дазналіся і што памятаеце менавіта з таго 1986 года? Зразумела, пазней будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета вы мелі значна больш інфармацыі.

– Я ў канцы красавіка 1986 года служыў у войску, у якасці афіцэра Савецкага войска. Быў прызваны адразу пасля ўніверсітэта, так званы двугадзічнік. Гэта быў Лепельскі раён Віцебскай вобласці. Я памятаю, што была інфармацыя ў газетах, што адбылася такая катастрофа. Дакладней нават не катастрофа, а адбылося нейкае такое здарэнне на Чарнобыльскай АЭС. Такое было ўражанне з гэтай інфармацыі. Што такое Чарнобыльская АЭС, дзе гэта, было пазначана, што Украіна, але я абсалютна не ведаў. Мушу сказаць, што нейкай такой увагі асаблівай я асабіста тады не надаў.

Яшчэ і з прычына таго, што як раз у тыя тыдні ў мяне сапсаваўся радыёпрыёмнік. Звычайна я слухаў “Голас Амерыкі”, “Бі-бі-сі” ці “Свабоду” калі прыходзіў у афіцэрскую гасцініцу. У тыя дні я памятаю не слухаў. Прачытаў толькі тую інфармацыю, якая была ў газетах. Я памятаю, што прыблізна такога ж памеру была інфармацыя пра смерць жонкі былога караля Вялікабрытаніі, які ў 1937 годзе адмовіўся ад прастола. Вось прыблізна на такім узроўні. Шчыра кажучы, калі не памыляюся, мы тады рыхтаваліся да выезду на палігон, наш дывізіён, таму было не да гэтага. Праз некалькі дзён быў выступ Гарбачова па тэлебачанні, які зноў жа я не глядзеў.

РР: Гэта 14-га траўня было.

– Так. Зноў жа не глядзеў, бо афіцэр быў заняты не менш, чым жаўнер. Часу асабліва не было асабліва глядзець тэлевізар, але прачытаў у газетах. Быў вельмі падрабязны пераказ выступу Гарбачова. Было адчуванне, што гэта не нейкая такая глабальная, тэктанічнага маштабу, маю на ўвазе ў экалагічным сэнсе катастрофа. А вось раздуваюць на Захадзе з яе невядома што. Імперыялістычныя колы хочуць падарваць працэс разрадкі і гэтак далей. Словам нейкага такога, што штосьці здарылася ў першыя тыдні не было дакладна.

РР: Тут мне падумалася, што вашая рэакцыя напэўна была такой самай, як мільёнаў іншых жыхароў Савецкага Саюзу, як жыхароў Беларусі, Украіны. Многія сапраўды не ведалі, што такое радыяцыя, якая гэта пагроза. Па-другое не было інфармацыі. Вы звярнулі ўвагу на выступ Гарбачова. Ён праз васямнаццаць дзён толькі пасля самой аварыі быў паказаны. Першую інфармацыю камуністычныя газеты надрукавалі толькі праз некалькі дзён пасля аварыі. Можа тады ўжо пяройдзем у 90-я гады, калі вы былі дэпутатам ВС Беларусі.

– Я вельмі сур’ёзна да Чарнобыля пачаў ставіцца можа быць крыху раней, чым асноўная частка насельніцтва. Я не бяру тых жыхароў чарнобыльскіх раёнаў, якія адразу гэта адчулі, іх перасялялі і г.д. Я кажу пра віцяблян, можа быць пра жыхароў Менску. Значна больш сур’ёзна недзе ў годзе можа быць у 1987 ці 1988, калі ўжо пайшоў на гражданку, працаваў у віцебскай газеце.

Мой аднакурснік і сябра, ужо на жаль нябожчык, Валодзя Дашук, сын нашага выбітнага кінарэжысёра Віктара Дашука, ён таксама кінарэжысёр. Ён ездзіў туды ў зону, здымаў там фільм пра Чарнобыль. Ён прыехаў у Віцебск, мы з ім сустрэліся, сядзелі некалькі дзён. Ён мне расказваў тое, што ён там бачыў. Гэта канешне былі жудасныя рэчы. Ён не гаварыў пра нейкія смерці, пра нейкія захворванні на рак. Тады гэтая статыстыка прыхоўвалася, гэта было на ўзроўні нейкіх чутак напэўна. Ва ўсякім разе яго ўразіла тое, што ён бачыў гэтыя пакінутыя дамы, пакінутыя тэрыторыі, як гэта ўсё выглядае. Памятаю, як ён казаў пра полчышчы пацукоў, якія там бегалі.

Гэта мяне таксама канешне ўразіла. Потым атрымалася так, што ў пад Віцебскам збіраліся будаваць Віцебскую атамную электрастанцыю. Я, як журналіст, пачаў гэтую кампанію супраць будаўніцтва. На аматарскім узроўні заняўся тэмай ядравай энергетыкі. Тады быў апублікаваны артыкул у “Новом мире” Алеся Адамовіча “Честное слово, больше не взорвётся”. Гэта ўжо дакладна лета 1988 года і тады пайшло.

Я магу сказаць, што ўжо ўвосень 1988 года, калі ўварыўся Беларускі Народны Фронт, тады яшчэ аргкамітэт. Я быў на гэтым пасяджэнні ў Чырвоным касцёле 19-га кастрычніка 1988 года. Пытанне Чарнобылю было адным з асноўных, нароўні з аднаўленнем гістарычнай памяці, дэмакратызацыі і г.д. Ужо на выбарах 1989 года ў Вярхоўны Савет, дакладней выбарах народных дэпутатаў СССР, і ў 1990 годзе ў Вярхоўны Савет БССР 12-га склікання, чарнобыльская тэмы была проста галоўнай. Таму прапанова стварыць чарнобыльскую камісію, дакладней камісію па расследаванні дзеянняў службовых асобаў, чыноўнікаў, кіраўнікоў. Падчас і пасля Чарнобыльскай катастрофы, яна прагучала ў першы ж дзень сесіі, гэта 15-га траўня 1990 года. Яе агучыў наш дэпутат БНФ Лявон Баршчэўскі. Такая камісія сапраўды была створана. Гэта адбылося ў самы першы дзень, самай першай сесіі.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Сяргей Навумчык падчас быцця дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі, 1991 год.

Беларускае Радыё Рацыя