BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выбары ў Каардынацыйную Раду Беларусі – рэальная пагроза беларусам ці нейкі палітычны шанец?

Госць Рацыі – старшыня Беларускага Саюза ў Польшчы і старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа. З ім пагутарылі пра выбары ў Каардынацыйную Раду Беларусі.

РР: Прапаную ў наш польскі выбарчы дзень паразмаўляць пра яшчэ адны выбары, якія неўзабаве адбудуцца, – выбары ў Каардынацыйную Раду Беларусі.

Яўген Вапа: Справа сапраўды для мяне асабістая, як для чалавека, які назірае збоку як журналіст і як прадстаўнік беларускай нацыянальнай меншасці. Параўноўваючы, калі сёння мы можам удзельнічаць у дэмакратычных выбарах, як грамадзяне Польшчы. Назва “Каардынацыйная Рада Беларусі” гаворыць пра тое, што паводле меркаванняў і заявак, гэта павін быць чарговы элемент пабудовы дэмакратычнай беларускай супольнасці. Але супольнасці, якая вымушана была апынуцца ў эміграцыі. Што ўплывае на гэтыя выбары і на тэрміны, якія запланаваныя для выканання гэтага працэсу: да 15 красавіка, літаральна праз тыдзень, маюць завяршыцца фармаванне спісаў выбарчых суб’ектаў і падача іх дакументаў на рэгістацыю; рэгістрацыя кандыдатаў запланаваная на 22 красавіка; галасаванне працягнецца з 25 па 28 мая; першыя вынікі маюць быць агучанымі не пазней 29-га мая; і канчатковыя вынікі выбараў будуць агучаны 8 чэрвеня 2024 году. А першае паседжанне новага складу Рады мае адбыцца 15-га чэрвеня 2024 году.

Я гляджу на гэтыя тэрміны і маё назіранне, як актыўнага ўдзельніка грамадскага жыцця ў Польшчы, то для мяне гэтыя тэрміны на сённяшні момант, у той сітуацыі, у якой знаходзіцца Беларусь, здаюцца занадта прыспешанымі. Немагчыма правесці такі працэс, які мы хочам называць выбарамі, у такім прамежкавым часе. Гэта першае.

Па-другое, у Каардынацыйную Раду Беларусі, згодна рэгламенту выбараў, могуць галасаваць грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Толькі ў сітуацыі, у якой апынулася сёння беларускае грамадства, які адсотак людзей прагаласуе з Беларусі? І таму Каардынацыйная Рада Беларусі, пры такіх паўнамоцтвах, якія плануюцца, павінна быць адпаведнай, і трэба рабіць усё, каб не паменшыць яе ролю.

Першапачаткова, калі гэта дзейнічала на тэрыторыі Беларусі і было паклікана спадарыняй Ціханоўскай, то гэта была Каардынацыйная Рада для справы перадачы ўлады ў Беларусі. Гэта для мяне быў больш зразумелы назоў, не прэтэндуючы на займанне палітычнага месца ў сістэме кожнай дэмакратычнай улады. Зараз у такім выглядзе, які будзе наглядацца, па-мойму дэмакратычны мандат для такой установы будзе проста значна паменшаны і неадэкватны да назвы. І тут ёсць небяспека, якая выстаўляе гэты орган на атаку з боку розных сілаў непрыхільных Беларусі – і з боку лукашыстаў, і з боку апанентаў гэтай выбарчай сістэмы.

Па-другое, гэты вынік, выбары і ўсё што ствараецца, нясе чарговую небяспеку. Бо калі карныя органы Лукашэнкі ваююць то з архітэктарамі, то з інжынерамі, то з тымі, хто думае па-беларуску і гэта ўдаецца даказаць, то ўдзел у выбарах ужо аснова для абвінавачвання па розных пунктах Крымінальнага кодэксу ўключна са здрадай радзіме. І пытанне: хто менавіта з Рэспублікі Беларусь у гэтым захоча прыняць удзел? Я думаю, што тут ахвотных кандыдатаў не будзе шмат.

І другое. Хто будзе менавіта галасаваць? І калі ўсё будуць вырашаць галасы беларускай дыяспары, якая ў замежжы, гэта зусім нешта другое. Зараз у Беларусі патрабуецца, на гэты момант ператрывання, стварэнне анімізацыі гарызантальнасці беларускіх кантактаў і беларускай самасвядомасці, а не даваць чарговыя спісы, якія «выпадкова» трапяць у рукі кагэбістаў. Спісы тых людзей, якія ўвесь час папаўняюць рэжымную махіну, а яна ўсё больш з’ядае тых, хто на яе дарозе. Чарговыя людзі могуць трапіць у турмы, або іхнія сем’і, якія знаходзяцца ў Беларусі. Але ім дапамагчы не будзе магчымасці. Бо бачым, як выглядае справа з палітычнымі вязнямі. Як тут забяспечыць бяспеку? І калі дасведчаныя палітычныя партыі не вызначыліся з удзелам у выбарах і гавораць пра небяспеку ўдзелу, то гэта трэба ўлічваць. Не можа быць гэтая справа выключна NGO-шная, бо гэта не той палітычны калібр.

Мне здаецца, што як мінімум да восені гэта павінна быць адкладзена, каб вырашыць кансэнсусам усіх палітычных партыяў і рухаў. Тое, што выгадна еўразвязаўскім структурам, не абазначае быць патрэбным беларускай палітычнай справе зараз. І мне здаецца, што гэтае прыспешванне таксама звязанае з тым, што завяршаецца пяць гадоў ад моманту выбараў спадарыні Ціханоўскай на прэзідэнта Беларусі.

Цалкам размова:

Размаўляў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя