BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выбары ў мясцовае самакіраванне ў Польшчы набліжаюцца

7 красавіка выбаршчыкі будуць абіраць сваіх прадстаўнікоў да радаў гміны (гарадской і вясковай), павету і ваяводства (соймік Падляшша), а таксама вырашаць, хто стане войтам, бургамістрам ці прэзідэнтам.

Галасаванне праводзіцца ў нядзелю 07.04. ад 7-й да 21-й гадзіны. Прыняць у ім удзел можа кожны грамадзянін Польшчы, якому ў дзень галасавання споўнілася 18 гадоў. Толькі трэба мець з сабою дакумент са здымкам, які пацвердзіць асобу. Гміна забяспечыць спісак выбаршчыкаў, каб кожны спаўняючы ўмовы мог адшукаць сваё прозвішча. Ну і важнае, што галасуецца ў месцы пастаяннага пражывання.

У выбарчым участку галасуючы атрымае 4-ы бюлетэні да галасавання: з прозвішчамі кандыдатаў на бургамістраў (прэзідэнтаў, войтаў) гмінаў, для рады гміны, да рады павету і сойміку ваяводскага. Каб голас быў важны, на кожным бюлетэні можна паставіць крыжык толькі пры адным прозвішчы ў кожным бюлетэні.

У галасаванні ў соймік ваяводства і раду павета кожны голас за паасобнага кандыдата ёсць голасам падтрымкі спіску (ліста), з якога ён балатуецца. А хто стане радным – будзе вылічанае па прынцыпе адмысловага алгарытма. Можа так здарыцца, што кандыдат набярэ больш галасоў чым другі, але не стане дэпутатам, бо цэлы яго спісак (ліст) набрала адносна менш галасоў.

У выбарах да большасці радаў гміны ў асноўным выбіраюць паводле прынцыпаў аднамандатных акругаў. Значыць з кожнай акругі да рады гміны абярэм адну асобу-тую, якая набрала найбольш галасоў. Скажам гміна Орля (Бельскі павет). Іншая сітуацыя ёсць у гмінах вяскова-гарадскіх і большых гарадах. Тут можа быць не адна, а тры акругі, з якіх абіраем па некалькі радных (галасы будуць палічаны так як пры выбарах у раду павету і соймік). Для прыкладу Беласток.

Войтам або бургамістрам стане тая асоба, якая набрала 50% + 1 голас. Калі не набярэ, другі тур галасавання адбудзецца 21 красавіка, для двух кандыдатаў, якія набралі найбольш галасоў. У Беластоку 4-х кандыдатаў на прэзідэнта, у Бельску Падляшскі 4-х кандыдатаў на бургамістра горада. А вясковая гміна Бельск Падляшскі 3-х кандыдатаў на войта.

Гледзячы на выбарчую сітуацыю гмінаў і гарадоў Падляшша, можна сказаць, што ўсё разыграецца ў першым туры. Орля (гміна) 2 кандыдатаў, Сухаволя (горад) 2 кандыдатаў на войта ці бургамістра. Інакш, калі балатуецца толькі адзін кандыдат, як прыкладам у Новым Двары на Сакольшчыне, ці Дубічах Царкоўных на Гайнаўшчыне. Там па адным кандыдаце на пасаду войта.. І пры ягоным прозвішчы выбаршчыкі ставяць крыжык ў рубрыцы ТАК або НЕ. Кандыдат стане войтам, калі яго падтрымае большасць выбаршчыкаў.

Выбарчая цішыня абавязвае ад поўначы з пятніцы 05 на суботу 06 красавіка да 21 гадзіны 07 красавіка, то бок дня выбараў, да завяршэння галасавання. А гэта абазначае, што ў гэты час нельга праводзіць агітацыі, раздаваць лістоўкі, развешваць плакаты і банеры ды даваць у эфіры радыё ці тэлебачання выбарчыя аб“явы.

А тое, што самаўрадавыя выбары набліжаюцца відаць па нашых гарадах і іх «упрыгожаннях» – банерах і плакатах.

Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя