BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Баварыя” і “Рэал” выйшлі ў паўфінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў

Пасля заключных чвэрцьфіналаў вызначыліся ўсе ўдзельнікі паўфіналу футбольнай Лігі чэмпіёнаў.

Дзеючы пераможца чэмпіёнскай Лігі англійскі “Манчэстэр Сіці” прымаў на сваёй арэне мадрыдскі “Рэал” і саступіў у серыі пасляматчавых пенальці. У асноўны час каманды абмяняліся галамі – у першым тайме забіў бразільскі форвард Радрыга, а пасля перапынку бельгійскі паўабаронца англійскага клуба Кевін Дэ Брэйнэ зраўняў лік – 1:1. У дадатковыя паўгадзіны гэты вынік не змяніўся, а ў серыі пенальці ўкраінскі галкіпер гасцей Андрэй Лунін узяў два ўдары і “Рэал” перамог – 4:3. На мінулым тыдні ў іспанскай сталіцы была зафіксавана нічыя – 3:3. У барацьбе за выхад у фінал супернікам мадрыдцаў будзе мюнхенская “Баварыя”, якая  перамагла лонданскі “Арсенал” – 1:0 дзякуючы голу Ёзуа Кіміха на 63-й хвіліне гульні. У брытанскай сталіцы гэтыя супернікі разышліся мірам – 2:2. Другую паўфінальную пару склалі французскі “Пары Сен-Жэрмэн”, які адолеў па суме дзвюх чвэрцьфінальных сустрэч іспанскую “Барселону”, і нямецкая “Барусія” з Дортмунда, якая была мацней за мадрыдскі “Атлетыка”.

“Іслач” і менскае “Дынама” перамаглі на старце 1/2 фіналу Кубка Беларусі

Чэмпіёны Беларусі футбалісты менскага “Дынама” на сваёй арэне адолелі срэбранага прызёра гарадзенскі “Нёмана” – 1:0. Ужо на 14-й хвіліне гульні менчукі засталіся ў меншасці пасля выдалення капітана каманды Рамана Бягунова, але змаглі выйсці наперад у самым пачатку другой паловы матча. На 49-й хвіліне Павел Сядзько далёкім ударам эфектна забіў Максіму Бялову. Пасля гэтага госці правялі шмат атак, але сысці ад паразы не здолелі. Футбалісты “Іслачы” таксама абыгралі жодзінскае “Тарпеда-БелАЗ” 1:0 дзякуючы дакладнаму ўдару Аляксандра Шасцюка на 33-й хвіліне матча. Паядынкі ў адказ за выхад у фінал запланаваны на 8 траўня.

Гандбалісткі зборнай Беларусі зноў прайгралі расейкам у Астрахані

Гандбалісткі зборнай Беларусі пацярпелі другую паразу ад расеяк у гасцявым таварыскім матчы. Пасля першай паловы сустрэчы ў Астрахані беларускі саступалі ўсяго адзін мяч, а ў другім тайме расейскія гандбалісткі згулялі значна мацней і перамаглі з розніцай у 7 мячоў – 38:31. У складзе беларускай каманды самай выніковай стала Анастасія Сівуха, якая закінула 9 мячоў. У першай гульні на пляцоўцы астраханскага спарткомплексу “Зорны” падначаленыя Валерыя Пяўніцкага прайгралі расейскай зборнай з лікам 25:31.

Гімнастка Цітавец выйшла ў фінал на брусах на чацвёртым этапе Кубка свету

У сталіцы Катара горадзе Доха стартаваў чацвёрты і заключны этап розыгрышу Кубка свету па спартовай гімнастыцы з удзелам беларускіх спартоўцаў. Кубак свету  – адзін з апошніх адборавых турніраў для ўдзелу ў Алімпіядзе ў Парыжы. Барацьбу за ліцэнзіі працягваюць беларусы Ягор Шарамкоў і Алена Цітавец, таксама на катарскі старт заявілася Кіра Магарэвіч. У першы дзень спаборніцтваў жанчыны вызначылі фіналістак у апорным скачку і на рознавысокіх брусах – у гэтым відзе праграмы Цітавец кваліфікавалася ў пятнічны фінал з другім вынікам.

Беларускае Радыё Рацыя