BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларус Алфёраў выйграў срэбра чэмпіянату Еўропы па боксе

Беларускі баксёр Аляксей Алфёраў стаў срэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы, які прымала сталіца Сербіі Бялград. Алфёраў стаў адзіным з 14 прадстаўнікоў Беларусі на турніры, якому ўдалося дабрацца да фінальнага бою ў сваёй вагавай катэгорыі. Супернікам беларуса ў паядынку за золата павінен быў стаць расеец Шарапутдзін Атаеў, аднак Алфёраў і яго трэнерскі штаб адмовіліся ад удзелу з-за траўмы рукі. У выніку Атаеў стаў пераможцам турніру без барацьбы, у Аляксея – першае ў кар’еры срэбра еўрапейскага форуму. Раней у сваёй карʼеры беларус займаў другое месца на чэмпіянаце свету.

«Вашынгтон» Протаса выбыў з плэй-оф Кубка Стэнлі

Клуб Нацыянальнай хакейнай лігі «Вашынгтон», за які выступае беларускі нападнік Аляксей Протас, завяршыў выступы ў плэй-оф. Ноччу адбыўся чацвёрты паядынак стартавага раўнда ў серыі «Вашынгтона» і «Рэйнджэрс», тры папярэднія матчы выйгралі хакеісты з Нью-Ёрка. Пасля двух перыядаў лік быў роўным 2:2, Протас прыняў удзел у першай выніковай атацы гаспадароў, аддаўшы галявую перадачу Марціну Фехервары. У заключнай трэці ньюёркцы ўсё ж даціснулі суперніка, двойчы рэалізаваўшы большасць – у выніку 4:2 у гульні і 4:0 у серыі. Усяго беларускі форвард сталічнага клуба адыграў на лёдзе 17 хвілін, нанёс адзін кідок і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+1». У чатырох матчах плэй-оф у актыве Протаса два (0+2) набраныя ачкі.

«Вікторыя-Бярэсце» і «Гараднічанка» выйшлі ў паўфінал чэмпіянату Беларусі па гандболе

Пасля чвэрцьфінальных паядынкаў у адказ вызначыліся ўсе ўдзельнікі паўфінальнай стадыі жаночага чэмпіянату Беларусі па гандболе. Гандбалісткі «Гараднічанкі» пасля хатняй вікторыі над «Віцябчанкай» 26:24 на выездзе дамагліся яшчэ больш пераканаўчай перамогі – 34:24. Берасцейскі клуб «Вікторыя-Бярэсце» двойчы абыграў бабруйскую «Бярэзіну» – спачатку на сваёй арэне – 33:32, у гасцях лік быў 33:27 на карысць берасцеек. Такім чынам, пераможцы чвэрцьфінальнай стадыі ў паўфінале далучацца да дзвюх лепшых каманд рэгулярнага сезона: «Вікторыя-Бярэсце» будзе супернічаць з дзейнымі чэмпіёнкамі краіны гандбалісткамі «Гомеля», а «Гараднічанка» паспрачаецца з «БНТУ-БелАЗам».

Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу турніру WTA у Мадрыдзе

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу турніру катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 7 мільёнаў 800 тысяч еўра. У 1/16 фіналу другая ракетка планеты перайграла ў трохсетавым паядынку амерыканку Робін Мантгомеры, якая займае 183-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 6:1, 6:7 (5:7), 6:4. Наступнай суперніцай беларускі будзе яшчэ адна амерыканская тэнісістка 15-ы нумар рэйтынгу WTA Даніэль Колінз.

Беларускае Радыё Рацыя