BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускі стралок Дэмеш заваяваў алімпійскую ліцэнзію

Фота: НАК

Уладзіслаў Дэмеш прынёс беларускай камандзе па кулявой стральбе першую ліцэнзію на Алімпійскія гульні 2024 года ў Парыжы. Алімпійскі кваліфікацыйны турнір па кулявой стральбе праходзіць у бразільскім Рыа-дэ-Жанэйра. Удзел у спаборніцтвах бяруць больш за 460 спартоўцаў з 76 краін, пуцёўкі ў Парыж атрымліваюць па два лепшыя стралкі ў кожным практыкаванні. У нядзелю мужчыны і жанчыны разыгрывалі ліцэнзіі ў стральбе з пнеўматычнага пісталета на 10 м. У мужчынскім фінале выступіў Уладзіслаў Дэмеш – беларус набраў 235,9 ачка і заняў другое месца, заваяваўшы тым самым алімпійскую ліцэнзію. Апярэдзіць Дэмеша здолеў толькі італьянец Федэрыка Мальдзіні. У аналагічнай дысцыпліне ў дзяўчат брала ўдзел наша Аляксандра Пятрова, але выйсці ў фінал з кваліфікацыі беларуска не змагла, паказаўшы толькі 31-ы вынік.

“Металург” зноў абыграў “Берасце” і наблізіўся да заваявання Кубка Прэзідэнта

У нядзелю адбыўся трэці паядынак фінальнай серыі плей-оф беларускай хакейнай экстралігі паміж “Берасцем” і жлобінскім “Металургам”. Матч фіналу напярэдадні ўпершыню ў гісторыі прыняў берасцейскі Лядовы палац. Стартавая траціна праходзіла з невялікай перавагай гаспадароў, але скончылася ўнічыю 0:0. У другім перыядзе лік адкрыў Аляксандр Падкарытаў, а затым гульнёй у большасці скарыстаўся Сяргей Кузняцоў, які вызначыўся ў чацвёртым матчы запар – 2:0. Незадоўга да адыходу на другі перапынак форвард “Берасця” Фёдар Качан скараціў адставанне сваёй каманды да мінімуму. На выратаванне ў гаспадароў заставалася больш за 20 хвілін. Колькасную перавагу за дзве хвіліны да заканчэння трэцяга перыяду рэалізаваў Сяргей Шэлег – і высвятленне адносін пайшло за межы асноўнага часу. Авертайм працягнуўся ўсяго тры хвіліны, перамогу “Металургу” прынёс Раман Дастанка 3:2. “Сталёвыя ваўкі” вядуць у супрацьстаянні ўжо з лікам 3:0, чацвёрты паядынак пройдзе заўтра таксама ў Берасці і пачнецца ў 20.00. У выпадку перамогі падначаленыя Дзмітрыя Краўчанкі трэці раз запар стануць уладальнікамі галоўнага трафея ў беларускім хакеі.

Берасцейскае “Дынама” здабыла трэцюю буйную перамогу на старце чэмпіянату Беларусі

Берасцейскія дынамаўцы святкавалі трэцюю запар буйную перамогу ў чатырох стартавых матчах футбольнага чэмпіянату Беларусі і ўвайшлі ў тройку лідараў. У заключным паядынку 4-га тура берасцейцы разграмілі футбалістаў “Менска” з лікам 3:0. Таксама сваю чацвёртую перамогу запар святкавала мазырская “Славія”, якая абыграла на выездзе салігорскі “Шахцёр” – 3:1 і зраўнялася па ачках з гарадзенскім “Нёманам”. У Наваполацку мясцовы “Нафтан” згуляў унічыю з футбалістамі “Смаргоні” – 1:1.

Беспрэцэдэнтная сітуацыя ў польскай экстракласе. Сем каманд змагаюцца за чэмпіёнства

Нядзеля прынесла незвычайныя вынікі ў польскай футбольнай экстракласе. У гульні за перамогу ў чэмпіянаце Польшчы застаюцца ажно сем каманд. Лідар беластоцкая “Ягелонія” нечакана прайграў “Краковіі” на хатняй арэне 1:3. Беласточане даволі хутка, на 10-й хвіліне, выйшлі наперад, але далей забівалі толькі супернікі. “Ягелонія” пры гэтым не страціла лідаруючую пазіцыю. Усё таму, што ўроцлаўскі “Шлёнск”, які займае другое месца, таксама прайграў свой матч «Гурніку» Забжэ – 0:2. Пасля нядзельных матчаў на вяршыні неверагодная цісканіна. У прыватнасці “Гурнік” адстае ад лідара «Ягелоніі» ўсяго на сем ачкоў і трэцяга “Леха” усяго на тры ачкі. Да канца сезона засталося шэсць тураў.

«Баер» стаў чэмпіёнам Германіі ўпершыню ў гісторыі клуба

Леверкузенскі «Баер» разграміў «Вердэр» 5:0 у 29-м туры Бундэслігі. Каманда галоўнага трэнера Хабі Алонса гарантавала сабе перамогу ў Бундэслізе за пяць тураў да заканчэння сезона. Леверкузенскі клуб упершыню ў сваёй гісторыі стаў чэмпіёнам краіны. Раней «Баер» пяць разоў займаў 2-е месца па выніках сезона ў нямецкім чэмпіяната.

Баскетбалісты “Менска” з адной перамогай завяршылі сезон у Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты “Менска” завяршылі сезон Адзінай лігі ВТБ з адной перамогай. У сваім апошнім паядынку другога этапу рэгулярнага чэмпіянату мінчане прайгралі ў гасцях МБА з лікам 70:81. Такім чынам, у 40 праведзеных сустрэчах БК “Менск” здабыў толькі адну вікторыю, адолеўшы напрыканцы сакавіка баскетбалістаў “Астаны” з лікам 60:58.

Гарноська засталася без узнагарод этапу Кубка свету па мастацкай гімнастыцы

У сталіцы Балгарыі Сафіі завяршыўся другі этап розыгрышу Кубка свету па мастацкай гімнастыцы. Удзел у спаборніцтвах брала адзіная беларуская спартоўка – лідар нацыянальнай каманды, алімпійская медалістка Токіа Аліна Гарноська. У нядзелю грацыі вызначылі наймацнейшых у асобных відах, наша гімнастка была прадстаўлена ў трох фіналах. Бліжэй за ўсё да медаля беларуска была ў практыкаванні з абручом: Гарноська спынілася за крок ад подыума, саступіўшы бронзавай пазіцыі менш за палову бала. У фінале праграмы з мячом Аліна паказала пяты вынік, а ў кампазіцыі з булавамі – восьмы.

Беларускае Радыё Рацыя