BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Брэст» зраўняў лік у паўфінале супраць «Шахцёра»

У Салігорску адбыўся другі паядынак паўфінальнай серыі плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі паміж хакеістамі «Шахцёра» і «Брэста». Першы матч паміж камандамі праходзіў у панядзелак таксама на пляцоўцы «гарнякоў». Па ходу трэцяга перыяду берасцейцы вялі з лікам 4:2, але затым дазволілі суперніку зраўняць лічбы і ў выніку прайгралі ў авертайме – 4:5. Напярэдадні каманды зноў пайшлі за межы асноўнага часу, праўда, на гэты раз за 60 хвілін было закінута ў чатыры разы менш шайб. У пачатку стартавай трэці «Шахцёр» выйшаў наперад дзякуючы Аляксею Сяргееву, на гол якога ў наступным адрэзку адказаў Сяргей Маляўка – абодва гульцы рэалізавалі большасць. Зыход сустрэчы ў выніку вырашыўся ўжо на пятай хвіліне авертайму: перамогу «Брэсту» з лікам 2:1 і раўнавагу ў супрацьстаянні прынёс Валерый Жыгалаў. Далей каманды пераедуць на поўдзень краіны, дзе правядуць яшчэ два матчы 29 і 31 сакавіка.

«МІНСК» здабыў першую перамогу ў Адзінай лізе ЗГБ

Баскетбалісты «МІНСКА» нарэшце парадавалі сваіх заўзятараў першай перамогай у матчах Адзінай лігі ВТБ. Пасля 34 паразаў запар мінчане на арэне сталічнага Falcon Club здолелі перайграць гасцей з казахстанскай «Астаны» з лікам 60:58. Гэтую гульню БК «МІНСК» праводзіў без аднаго са сваіх лідараў Джарэда Агунгбемі-Джэксана. У яго адсутнасць самымі выніковымі ў складзе гаспадароў сталі Ёван Шліванчанін і Рыгор Матавілаў, якія набралі па 12 ачкоў. Наступны матч «МІНСК» правядзе ў Екацярынбурзе супраць мясцовага «Уралмаша», які трэніруе экс-настаўнік беларускага клуба Расціслаў Вергун.

Вядомыя тры з чатырох паўфіналістаў мужчынскага чэмпіянату Беларусі па гандболе

Пасля чвэрцьфінальных гульняў у адказ вызначыліся тры з чатырох удзельнікаў паўфінальнай стадыі мужчынскага чэмпіянату Беларусі па гандболе. Як і чакалася, свае серыі ўпэўнена выйгралі галоўныя фаварыты турніру. Дзеючы чэмпіён краіны «Мяшкоў Брэст» двойчы разграміў выхаванцаў РДУАР – 47:35 і 41:29. Уладальнікі срэбраных медалёў гандбалісты менскага СКА таксама ўпэўнена перайгралі «Бусел Кітая» – 35:25 і 40:28. А вось бронзавы прызёр «Гомель» сышоў з дыстанцыі, саступіўшы гарадзенскаму «Кронану» – 26:33 і 28:34. Яшчэ ў адной пары для вызначэння пераможцы спатрэбіцца трэці паядынак. Магілёўскі клуб «Машэка» ў першай сустрэчы без праблем абыграў на выездзе сталічны БДУФК-СКА з розніцай у 11 мячоў – 38:27, а напярэдадні нечакана саступіў на сваёй пляцоўцы ў дадатковы час – 42:43. Іх вырашальная сустрэча за выхад у квартэт наймацнейшых адбудзецца 30 сакавіка ў Менску.

Валейбалісты «Шахцёра» не змаглі выйсці ў чвэрцьфінал расейскай Суперлігі

Валейбалісты салігорскага «Шахцёра» пакінулі плэй-оф мужчынскай расейскай Суперлігі на стадыі першага раўнда. У сераду падначаленыя Віктара Бекшы ў Палацы спорту «Уручча» праводзілі паядынак у адказ серыі да дзвюх перамог супраць краснаярскага «Енісея». Першы матч кваліфікацыйнага раўнда плэй-оф паміж камандамі адбыўся на пляцоўцы суперніка тыдзень таму і завяршыўся на карысць расейцаў – 3:1. Напярэдадні беларусы прайгралі з тым жа лікам: валейбалісты «Енісея» заваявалі пуцёўку ў чвэрцьфінал.

Беларускае Радыё Рацыя